«Суд?» Наогул не разумею — што гэта!» Што адбываецца на судзе па справе Ціханоўскага

У будынку гомельскага СІЗА-3 з аўторка па пятніцу працягваецца закрыты суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым, паведамляе «Свабода».

f99e458d_878f_45ac_8502_073762d6684f_w1023_r1_s.webp

Маці Арцёма Сакава расказала, што сын цяпер заняты судовымі пасяджэннямі. Ён цешыцца, што спёка спала, лягчэй пераносіцца. «Пытаецца пра наша здароўе, трымаецца годна», — кажа маці.

У лісце Арцём напісаў: «„Суд“? :-) Я наогул не разумею — што гэта». «Не, я разумею, вядома, але яно было вось так вось :-) Нічога няма, таму ён і закрыты. Я не запісваю, нічога не пішу. Але памятаць я буду ўсё і заўсёды! Але вось гэта ўсё трэба будзе паказваць. І чым больш мне пакажуць, тым лепш будзе (цікавей) глядзець. Я тут сёе-тое зразумеў. Чалавек часам паказвае свае страхі на іншых», — піша палітвязень.

Наталля Мацкевіч, адвакатка Сяргея Ціханоўскага, зазначыла, што яе падабаронны ў парадку. Ён бадзёры, «нават вельмі». «Ён не змяніўся, колькі я яго ведаю», — дадала адвакатка. Яна кажа, што цяжка прагназаваць, калі будзе прысуд.

Штодзень пад гомельскім СІЗА дзяжурыць Дар’я, жонка Ігара Лосіка. Штодзень, з аўторка па пятніцу, з ёю побач «ціхары». Яны не чапаюць Дар’ю, часам вітаюцца ці спрабуюць завесці размовы.

«У пятніцу я мела ліст ад Ігара. Ён піша, што суд яшчэ не заканчваецца. Настрой у яго — „амерыканскія горкі“. У адзін дзень ён разумее, што ён закладнік, прадмет торгу, у другі дзень — што ўсё блага. Ён папрасіў мяне купіць кнігу пра Гары Потэра. Я купіла, СІЗА яе атрымаў — і кніга пайшла на склад, а не Ігару. Яго гэта вельмі абурыла. Дый мяне. Не для таго я яе набывала, каб яна ляжала на складзе. Яму вельмі кепска ідуць лісты, яго гэта таксама абурае», — зазначыла Дар’я Лосік.

Дар’я лічыць, што суд закрыты, каб «схаваць правал, калі за год „працы“ на Ігара не знайшлі абсалютна нічога». «Пра гэта Ігар пісаў мне ў лісце. Ён перачытаў 177 тамоў справы і нічога не знайшоў там пра сваю віну. Ну, яны ў сваім рэпертуары... На эмпатыю тут разлічваць не выпадае. Адкрыць гэты суд — дык усё рассыплецца на вачах», — дадала Дар’я.