Суддзя Камісараў падтрымаў рашэнне пакараць Тамару Сяргей
24 чэрвеня суддзя Мінскага гарадскога суду Валер Камісараў падтрымаў рашэнне суддзі суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыі Шабуні, якая 20 мая аштрафавала на 40 базавых велічынь актывістку Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, юрыстку Тамару Сяргей.
Сяргей пакараная штрафам за арганізацыю і ўдзел у недазволеным пікеце, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды ладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны — дзеля таго, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.
У каментары НЧ праваабаронца зазначыла, што сваім рашэннем суддзі Вікторыя Шабуня і Валер Камісараў яшчэ раз пацвердзілі, што суду Рэспублікі Беларусь нельга давяраць.
«Таму што суддзі чыняць правасуддзе не на глебе законаў, а згодна ўказанням прадстаўнікоў выканаўчай улады», — падкрэсліла Тамара Сяргей. На яе меркаванне, трэба ў кожным судовым працэсе выяўляць незаконныя дзеянні суддзяў, фіксаваць гэтую беззаконнасць і даводзіць яе да сведчання беларускай і міжнароднай грамадскасці. «Толькі такім чынам мы маем шанец прыпыніць беззаконнасці ў айчыннай судовай сістэме», — сказала юрыстка.
Яна будзе і надалей абскарджваць незаконныя, на яе меркаванне, пастановы суддзяў Вікторыі Шабуні і Валера Камісарава.
За ўдзел у пікеце 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды апроч Тамары Сяргей аштрафаваныя бабруйчанка Валянціна Каваленка, якую суддзі Вікторыя Шабуня і Валер Камісараў пакаралі на 20 базавых велічынь, а таксама 78-гадовы інвалід-ардэнаносец, ветэран працы з Крупак (Мінская вобласць) Барыс Бабок, асуджаны Вікторыяй Шабуняй таксама на 20 базавых велічынь. Ягоны адміністрацыйны прысуд пакуль не прайшоў касацыю ў Мінскім гарадскім судзе.