Судзяць лідара АГП Казлова. Ноч ён правёў на Акрэсціна ў аднамеснай камеры, у якой трымаюць 8 чалавек

У судзе Цэнтральнага раёна ідзе суд над кіраўніком АГП Мікалаем Казловым. Яго судзяць паводле адміністрацыйнага артыкула 24.3 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»), паведамілі TUT.BY у прэс-службе АГП. Як распавёў у судзе Казлоў, ноч ён правёў на Акрэсціна ў аднамеснай камеры, дзе ўтрымліваецца 8 чалавек.

kozlov_20200511_bur_tutby_phsl_1885.jpg

Суддзя Дзмітрый Карсюк. Суд ідзе па скайпе. Сувязь дрэнная, перарываецца.

Мікалай Казлоў хадайнічае, каб адклалі разгляд для аказання яму належнай медыцынскай дапамогі. Кіраўнік АГП распавёў, што ён дрэнна сябе адчувае, у яго падвышаны ціск: з учарашняга дня ён сядзеў у аднамеснай камеры, у якой знаходзіцца 8 чалавек. На падлогу камеры плюхнулі прыкладна 20 літраў канцэнтраванага раствору хлоркі. Мікалай Казлоў лічыць, што не можа паўнавартасна ўдзельнічаць у працэсе.

— Хадайнічаў, каб яму далі магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі справы. Суддзя сказаў, што гэтае хадайніцтва задавальняецца такім чынам, што з матэрыяламі ён будзе знаёміцца шляхам абвяшчэння матэрыялаў у працэсе. У гэты момант перапынак, Мікалаю мераюць ціск, — распавялі ў прэс-службе партыі.

(Будзе дапоўнена)

Нагадаем, 22 сакавіка кіраўнік АГП Мікалай Казлоў перастаў выходзіць на сувязь: як паведамляецца, ён накіроўваўся да свайго сябра, але так і не даехаў. Да гэтага Казлоў напісаў, што калі не з'явіцца на працягу 15 хвілін, то гэта азначае, што яго затрымалі. Пазней аказалася, што Казлоў знаходзіцца ў ІЧУ на вуліцы Акрэсціна.

Раней у дачыненні да Мікалая Казлова распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 407 («Выдаванне звестак дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння») Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Да гэтага, у лютым, на Казлова быў складзены пратакол па арт 23.4 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»), яму далі 15 сутак пасля таго, як ён трэці раз запар адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні падчас допыту ў Следчым камітэце паводле справы Каардынацыйнай рады. Па гэтай справе кіраўнік АГП праходзіць у якасці сведкі.

Як распавядаў Мікалай Казлоў, крымінальную справу распачалі менавіта з-за справы Каардынацыйнай рады.

— Гэта звязана са справай супраць Каардынацыйнай рады, на допыты па ёй мяне ў якасці сведкі выклікалі тры разы. Што я там мог агалошваць, не ведаю. Нічога колькі-небудзь сакрэтнага разгалосіць я не мог, таму што нічога такога не ведаю і быў акуратны ў гэтым сэнсе. Адзінае, што я мог агалошваць,гэта тое, што справа сфабрыкаваная, але гэта і так усе ведаюць, што невінаватыя людзі сядзяць — усе ведаюць. Гэта адзіны сакрэт полішынэля, які я мог выдаць. Я знаходжуся ў Мінску, я маю намер наведаць следчага і ўсё высветліць, — распавёў Казлоў.