Супрацоўнікі брытанскай амбасады ў Мінску апрануліся ў колеры ЛГБТ-сцяга
Сёння ў Лондане праходзіць штогадовы прайд у гонар дасягненняў ЛГБТ-супольнасці. Каб падтрымаць прайд, супрацоўнікі амбасады Вялікабрытаніі ў Мінску апрануліся ў колеры вясёлкавага сцягу, перадае Радыё Свабода.
На фота, апублікаваным на афіцыйнай старонцы амбасады ў фэйсбуку, ёсць і сама амбасадарка Фіёна Гіб.
«Сёння ў 46-ы раз праходзіць штогадовы Лонданскі прайд у гонар гісторыі і дасягненняў супольнасці ЛГБТ. Каб падтрымаць Лонданскі прайд, каманда амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі апранулася ў колеры вясёлкавага сцяга», — напісана пад фота на старонцы амбасады ў фэйсбуку.
Нагадаем, што 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікабрытаніі і ЗША ў Мінску вывесілі вясёлкавыя сцягі. 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешванне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцця. Праз два дні, 23 траўня, міністар замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага менталітэту. Макей адзначыў важнасць і неадназначнасць тэматыкі «правоў мяншыняў».