«Брытанец незаконна цярпіць катаванні ў беларускай турме», — праваабаронца

«Катаванні і бесчалавечнае абыходжанне — гэта не абавязкова сярэднявечныя захады, калі чалавеку заганяюць іголкі пад пазногці. Вядзецца пра маральныя і фізічныя пакуты, якія цярпіць чалавек у выніку парушэння сваіх правоў», нагадвае «Радыё Свабода».

Павал Левінаў у Жэневе з малюнкам-коміксам у падтрымку Алана Сміта

Павал Левінаў у Жэневе з малюнкам-коміксам у падтрымку Алана Сміта

Грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Сміт адбывае ў Віцебску двухгадовы тэрмін зняволення: ён асуджаны за арганізацыю незаконнай міграцыі. Амаль за паўтара года, што ён за кратамі, кіраўніцтва калоніі «Віцьба-3» так і не забяспечыла зняволенаму магчымасці камунікаваць на зразумелай мове, сцвярджае праваабаронца Павал Левінаў. Наступствам гэтага, паводле яго, сталі бясконцыя спагнанні і немагчымасць абскардзіць прэтэнзіі адміністрацыі.

Катаванні — гэта не толькі іголкі пад пазногці

Праваабаронца падкрэслівае: у адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, падпісанымі нашай дзяржавай, усе грамадзяне на тэрыторыі Беларусі маюць права не цярпець катаванняў і жорсткага ды бесчалавечнага абыходжання. Але ў дачыненні да грамадзяніна Вялікай Брытаніі Алана Сміта гэтая норма права парушаецца ўвесь той час, што ён пад вартай.

Падчас суду над Аланам Смітам, архіўнае фота

Падчас суду над Аланам Смітам, архіўнае фота

«Катаванні і бесчалавечнае абыходжанне — гэта не абавязкова сярэднявечныя захады, калі чалавеку заганяюць іголкі пад пазногці. Вядзецца пра маральныя і фізічныя пакуты, якія цярпіць чалавек у выніку парушэння сваіх правоў. Што да Алана Сміта, то парушэнняў у гэтым сэнсе безліч. Ён, па сутнасці, пазбаўлены права на кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя спатканні: ягоныя сваякі за мяжой і не могуць быць упэўненыя, што па прыездзе сюды такое спатканне дазволяць. Спагнанні ж на яго накладаюць перыядычна, і найперш — праз немагчымасць камунікаваць з непасрэдным кіраўніцтвам», — кажа праваабаронца.

Калі зняволены размаўляе толькі па-англійску, ён не мае права скардзіцца

Алан Сміт размаўляе па-ангельску і не разумее па-руску, а супрацоўнікі калоніі замежнымі мовамі не валодаюць. Там няма ні штатнага перакладчыка, ні пісьмовых перакладаў на ангельскую мову інструкцый ці палажэнняў для зняволеных. Інакш кажучы, ад Сміта нечага патрабуюць, а што менавіта і як гэта выканаць, патлумачыць ня могуць. Таму ён заўжды пад пагрозай спагнання — за ўсё што заўгодна, кажа Павал Левінаў.

Адным з апошніх пакаранняў за парушэнне ўнутранага рэжыму ўстановы стала забарона на харчовыя перадачы. У адказ на гэта 20 чэрвеня Алан Сміт абвясціў галадоўку. Спыніў яе ён толькі праз тыдзень — пасля таго як у калонію прыехалі супрацоўнікі ангельскай амбасады. І толькі пасля гэтага візіту зняволены змог патэлефанаваць дахаты: раней, як высветлілася, у яго забралі тэлефонныя карткі для аўтамата.

Праз адсутнасць перакладчыка сам Алан Сміт не можа паскардзіцца на сваё становішча: лісты на ангельскай мове вяртаюцца да яго без адказаў, бо ў Беларусі звароты грамадзян павінны быць складзеныя толькі на дзяржаўных мовах — або па-руску, або па-беларуску.

Алан Сміт стаў героем турэмных коміксаў, якія ўбачылі ў камітэце ААН

Павал Левінаў мяркуе, што ліставанне Алана Сьміта таксама абмежаванае: праваабаронца не атрымаў з калоніі «Віцьба-3» ні адказаў ад зняволенага, ні сваіх уласных лістоў, якія павінны былі б вярнуцца, не дайшоўшы да адрасата.

Праваабаронца мае даверанасць на тое, каб прадстаўляць інтарэсы зняволенага ў Камітэце па правах чалавека ААН, але сустрэцца з Аланам Смітам у віцебскай калоніі яму не ўдалося — у гэтым яму адмаўляе кіраўніцтва ўстановы.

Пра сітуацыю ў калёніі «Віцьба-3» Левінаў перыядычна інфармуе прадстаўнікоў амбасады Вялікай Брытаніі. Падчас 63-й сесіі Камітэту ААН супраць катаванняў ён перадаў чальцам камітэту адмысловы зборнік малюнкаў-коміксаў, зробленых вязнямі калоніі «Віцьба-3». Коміксы прысвечаныя парушэнням правоў у месцы зняволення, фігуруе ў іх і Алан Сміт. Зборнікі коміксаў атрымалі і ўдзельнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі.