Свінакомплекс на «Божае вока»

У Валожынскім раёне недалёка ад Налібоцкай пушчы пачалося будаўніцтва буйнога прадпрыемства па вытворчасці беконнай свініны.
 



6_1.jpg

Мясцовыя актывісты і экалагічныя арганізацыі ўспрынялі гэту навіну з асцярогай. Бо буйны свінакомплекс на 110 тысяч галоў будзе размяшчацца недалёка ад Налібоцкай пушчы, а таксама ў месцы, дзе бяруць пачатак некалі буйных рэк, у іх ліку Іслач. Забудоўшчыкам з’яўляецца СТАА «Данпрод». Інжынер-гідратэхнік з Валожына Георгій Каржанеўскі актыўна выступае супраць будаўніцтва свінакомплексу, апелюе да парушэння заканадаўства і небяспекі для прыроды, калі аграмадная ферма пачне функцыянаваць.
Каржанеўскі рабіў запыт у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, яму прыйшоў адказ, што ўзгодненага праекту ачышчальных збудаванняў (яны будуць адказваць за ўтылізацыю адкідаў жыццядзейнасці свіней) не было прадстаўлена. Разам з тым на будаўнічай пляцоўцы ўжо паставілі каркасы чатырох фермаў.
«Мы выключна выканаўцы. Мясцовыя ўлады зацвердзілі гэты праект, і цяпер людзі прыходзіць да мяне і пытацца, чаго я тут будую... Але я такі ж выканаўца, як і вы. Вам трэба пісаць, а мне — будаваць, — тлумачыць Георгій Медзюк, намеснік галоўнага інжынера баранавіцкага будаўнічага трэста №25. — Я ездзіў глядзець падобны аб’ект пад Баранавічамі, туды вельмі складана патрапіць, бо ёсць адмысловыя санітарныя патрабаванні як да наведвальніка, так і да ўтрымання жывёлы. Мы былі на тэрыторыі тры гадзіны, дык вось — ніякага паху, смуроду я там не адчуваў».
Георгій Медзюк паўтарае, што за праектам усталяваны строгі кантроль, бо заказчыкі маюць адмысловыя патрабаванні да якасці збудаванняў, маўляў, дацкія свінні надта далікатныя, то нават падлога мусіць быць без ніводнай трэшчынкі. Праект не толькі маштабны, але і дарагі — усё абсталяванне, камунікацыі і нават дах прывязуць з Даніі. Першыя чатыры свінарнікі будаўнікі мусяць здаць ужо сёлета. Усяго комплекс будзе складацца з 16 свінарнікаў.

Георгій Медзюк


Вяртаючыся да тэмы «асаблівай тэрыторыі», Георгій Каржанеўскі паспрабаваў давесці будаўнікам, што пад будучым свінарнікам шмат крыніц, мясціну за гэта называлі нават «Божым вокам». Але будаўнікі аспрэчылі, што знялі каля трох метраў грунту і ніякіх крыніц там не знайшлі.
Да слова, у апошнія дні жніўня ў аграгарадку Пяршаі Валожынскага раёна адбылося грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучага свінакомплексу на 110 000 галоў. На абмеркаванне прыйшлі прадстаўнікі мясцовай улады, заказчыка праекта — СТАА «Данпрод», праектнага інстытута «Брэстбудпраект», ТАА НПФ «Экалогія» (рабілі ацэнку ўздзеяння праекту на навакольнае асяроддзе, паводле якога былі вызначаныя межы санітарнай ахоўнай зоны будучай свінафермы), з мясцовых жыхароў на слуханні прыйшлі толькі чатыры чалавекі.
Недалёка ад будучага свінакомплекса знаходзяцца вёскі Даўгулёўшчына і Канюшэўшчына. Мясцовыя жыхары — пераважна састарэлыя людзі — да грандыёзнага праекту ставяцца насцярожана. Маўляў, нічога добрага нам не будзе ад гэтай фермы, а працаваць і на сваёй ферме ўжо няма каму. З найбольш актыўных, праўда, арганізавалася ініцыятыўная група супраць будаўніцтва свінафермы, было сабрана 60 подпісаў. Жыхары звярталіся ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з пытаннем, ці быў ухвалены праект эколагамі, але 19 верасня прыйшоў адказ,у якім сцвярджаецца, што ў органы Мінпрыроды на дзяржаўную экалагічную экспертызу такой дакументацыі не паступала. «У сувязі з гэтым Мінскаму абласному камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя даручана з выездам на месца ацаніць сітуацыю і пры­няць адпаведныя меры».
--------------------------------------------
Самыя буйныя свінагадоўчыя гаспадаркі краіны:
Камянецкае ААТ «Белавежскі» — 97,7 тысячы галоў;
Селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Заходні» — 90,7 тысячы галоў;
Саўгас-камбінат «Сож» — 90,2 тысячы галоў.

--------------------------------------------
Нацыянальная Асацыяцыя свінаводаў (NPA) Вялікабрытаніі арганізавала кампанію ў падтрымку пратэсту супраць развіцця буйных свінагадоўчых карпарацый. NPA прапануе ўвесці строгія абмежаванні на гранічна дапушчальны памер вытворчых свінагадоўчых прадпрыемстваў па ўсёй Еўропе. «NPA выступае супраць развіцця буйных свінагадоўчых карпарацый і велізарных свінагадоўчых ферм, паколькі маштабная вытворчасць можа нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю і вельмі негатыўна адбіцца на дзейнасці малых фермерскіх гаспадарак, якія прыкладаюць масу намаганняў, каб захаваць экалагічнасць сваёй вытворчасці», — заяўля­юць прадстаўнікі асацыяцыі.
У Германіі прадстаўнікі Партыі Зялёных прапануюць увесці наступныя абмежаванні: памеры жывёлагадоўчых і птушкагадоўчых гаспадарак павінны быць абмежаваныя, а максімальная ёмістасць гаспадарак не павінна перавышаць 30 000 адзінак птушкі, 1 500 свіней або 600 галоў буйной рагатай жывёлы.