Ад цырку да Незалежнасці
Кампанія «Свежы вецер» заклікала грамадскасць 7 снежня выстраіцца ў цэнтры Мінска ў жывы ланцуг «За права быць незалежнымі».
Ілюстрацыйнае фота. 19 снежня 2010. Крыніца: Украінскае фота / PhotoXPress
«7 або 8 снежня можа адбыцца падпісанне дакументаў пра “паглыбленую інтэграцыю”. Змест гэтых дакументаў не вядомы да сённяшняга часу, — заўважаюць арганізатары. — Мы вырашылі пабудаваць жывы ланцуг ад Дзяржаўнага Цырку да плошчы Незалежнасці. Наша мэта — сродкамі негвалтоўнага супраціву давесці, што беларусы не прымаюць таемных дамоўленасцяў паміж уладамі Беларусі і Расіі, і ня згодныя на тое, каб лёс краіны вырашаўся без іх удзелу!»
Нагадаем, што раней Павел Севярынец заклікаў сабрацца 7 снежня на плошчы Каліноўскага ў Мінску.
Кампанія «Свежы вецер» пачалася 31 жніўня, за 100 дзён да планаванага падпісання інтэграцыйных дакументаў паміж Беларуссю і Расіяй. Актывісты кампаніі лічаць, што падпісанне гэтых дакументах прывядзе да страты суверэнітэту Беларусі, а то і паглынання нашай краіны.
Галоўная мэта кампаніі — інфармаваць грамадскасць аб гэтай меркаванай здзелцы, а таксама паспрыяць таму, каб як мага большая колькасць людзей выказаліся супраць аншлюса.