Святар: На Вадохрышча вады варта прынесці з храма трохі і разбавіць дома да патрэбнай колькасці

Самым непрыстойным відам «святкавання» клірык мінскага Богаяўленскага прыходу называе жаданне «ваду атрымаць хутчэй і ўзяць пабольш».



voda_1.jpg

Разважаючы аб вялізных чэргах па асвячоную ваду, якімі нязменна суправаджаецца святкаванне праваслаўнымі вернікамі 19 студзеня Хрышчэнне, клірык мінскага Богаяўленскага прыходу, загадчык Царкоўна-гістарычнака музея БПЦ іерэй Уладзіслаў Багамольнікаў прапануе ўспомніць багаслоўскі і духоўны сэнс свята.

«Прамы гістарычны сэнс Вадохрышча заключаецца ў тым, што мала каму тады вядомы Ісус з Назарэта прыйшоў да Іаана, праслаўленага ў народзе прапаведніка пакаяння, і атрымаў сведчанне: вось, прыйшоў Месія. Маральны бок гэтай гісторыі вельмі важны, бо звычай абмывання з вызнаннем грахоў не быў новым для жыхароў Палестыны, — так паступалі паганцы, якія збіраліся прыняць іўдаізм. Па гэтай прычыне людзі, якія лічылі сябе праведнікамі, бачылі ў гэтым звычаі нешта зневажальнае. Збаўца, як мы бачым, так не лічыў», — разважае святар, паведамляе sobor.by.

«З пункту гледжання тэалогіі важныя наступныя моманты: Гасподзь хрысціўся, пацвердзіўшы тым самым Сваю чалавечую прыроду, але не застаўся ў вадзе для вызнання грахоў, што кажа аб іх адсутнасці. Акрамя таго, падчас апісаных падзей адначасова выяўляюцца ўсе тры Божыя Асобы, і гэта дае магчымасць гаварыць аб Богаяўленні як пра з’яву Святой Тройцы», — падкрэслівае а. Уладзімір, тлумачачы, што «духоўны сэнс свята — у тым, каб рэальнасць «там і тады» перавесці ў «тут і цяпер». Падзеі двухтысячагадовай даўніны знаходзяць сваю завершанасць для канкрэтнага чалавека, калі ён далучаецца да іх свядома і свабодна. Тады свята, як і любая іншая падзея, можа стаць штуршком да дзейнасці, да перамянення сябе і свайго жыцця».

Нагадваючы пра розныя матывы, з якімі людзі рознай ступені ўцаркаўлення прыходзяць за асвячонай вадой, святар нагадвае, што «для хрысціяніна вада не з’яўляецца прычынай ацалення, але і вылячэнне, і збавенне ад грахоў, і жаданне асвяціць ваду, — усё гэта следства царкоўнага жыцця, намаганняў, накіраваных на змяненне сябе і свету ў звароце да Бога.

«Сэнс ўжывання вады той жа, што і сэнс усякай Таямніцы — далучэнне да Божай Ласкі на шляху да абагаўлення. Хрысціянін імкнецца асвячаць усё вакол сябе, але не шукае ад святыняў гарантаванай дапамогі», — звяртае ўвагу а. Уладзімір.

Самым непрыстойным відам «святкавання» святар называе жаданне «ваду атрымаць хутчэй і ўзяць пабольш», тлумачачы, што павінна быць інакш: «Дастаткова прынесці з храма трохі вады і разбавіць яе дома да патрэбнай колькасці».

Больш стрыманымі святар заклікае быць і падчас калядных акунанняў, якія часта выглядаюць так: «Усё пачынаецца быццам бы пабожна, святар асвячае ваду ў купелі, але затым у чарзе да палонкі з’яўляецца ўсё больш і больш нецвярозых людзей, людзей нецаркоўных, тых, хто проста шукае для сябе экстрым».

krynica.info