
Так пракаментаваў Krynica.info вадохрышчанскія купанні настаяцель гродзенскага праваслаўнага кафедральнага Пакроўскага храма протаіерэй Георгій Рой.
«Прыкладна дзве тысячы гадоў таму да Іаана Хрысціцеля на Іардан таксама прыходзілі натоўпы людзей. Але Іаан, у першую чаргу, патрабаваў пакаяння, змены жыцця і толькі потым здзяйсняў хрышчэнне як знак пачатку новага жыцця чалавека з Богам», — адзначыў ён.
«Ці ж задумваюцца цяпер тыя тысячы людзей, якія вадохрышчанскай ноччу акунаюцца ў палонцы, аб пакаянні, аб перамене сваіх адносінаў з Богам і людзьмі? Ці гэта проста шуканне нейкага, як зараз кажуць, экстрыму? Гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі…» — дадаў святар.
Паводле яго, для чалавека, які сапраўды верыць, акунанне ў палонцы можа мець больш глыбокі сэнс, але перабольшваць гэтае дзеянне ўсё ж не варта. «Справа міласэрнасці, напрыклад, у вачах Нябеснага Айца, несумненна, будзе мець большы сэнс, чым купанне ў халоднай вадзе», — падкрэсліў протаіярэй.