Сын следчага перадаў NEXTA копію службовага дакумента. Бацьку звольнілі, сына будуць судзіць

У студзені 2022 года сын следчага Жодзінскага гарадскога аддзела Следчага камітэта ўзяў у бацькі копію службовага дакумента і перадаў дакумент тэлеграм-каналу NEXTA, які быў прызнаны экстрэмісцкім, а пазней — і тэрарыстычным фарміраваннем.

img_2810_logo_1.jpg

Пра гэта піша Зер...ло са спасылкай на прэс-службу Генпракуратуры.
Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны перадаў адміністратарам Telegram-канала NEXTA копію службовага дакумента цэнтральнага апарата Следчага камітэта аб уключэнні Следчага Жодзінскага ГАСК у склад следчай групы па расследаванні крымінальнай справы ў дачыненні да Франака Вячоркі, Рамана Пратасевіча і іншых асоб.
Неўзабаве хлопца і яго бацьку затрымалі. Праз некаторы час следчага звольнілі з СК, а сына арыштавалі. Ён дагэтуль застаецца пад вартай, яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса Беларусь. Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Генпракуратура ўжо перадала крымінальную справу ў суд.
Нагадаем, гаворка ідзе пра дакумент, які 16 студзеня апублікаваў у сябе на старонцы ў Facebook Франак Вячорка. З апублікаванага дакумента вынікае, што Франак Вячорка, а таксама Раман Пратасевіч, Антон Матолька і Сцяпан Пуціла абвінавачваюцца альбо падазраюцца па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Але сёння стала вядома, што ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы распачалі яшчэ адну крымінальную справу.