Штраф за любоў да дыктатара
Іспанскі ўрад збіраецца забараніць праяву сімпатый да дыктатуры Франка (1936–1975). Парушальнікам закона пагражае штраф аж да 150 тысяч еўра.
Калі два гады таму цела Франка было вынесена з базілікі ў Даліне Загінулых, што пад Мадрыдам, падавалася, фінальны акт асуджэння дыктатуры адбыўся. Нагадаем, што тая базіліка была культавым месцам для шанавальнікаў дыктатуры. Доўгі час сама ідэя перапахавання цела дыктатара была сапраўдным табу. Праект з перапахаваннем Франка парламент ухваліў яшчэ ў 2007-м, аднак спатрэбілася 12 гадоў, каб большасць іспанцаў падтрымала перапахаванне.
Напрыканцы ліпеня іспанскі ўрад, які фарміруюць сацыялісты, прапанаваў праект «Закона пра дэмакратычную памяць». Адзін з ініцыятараў яго прыняцця, міністр юстыцыі Фелікс Баланьёс (Félix Bolaños), тлумачыць неабходнасць новага закона тым, што дыктатура і вайсковы пераварот дасюль не асуджаныя ў іспанскіх прававых дакументах. Акрамя таго, на гэтай падставе можна будзе пачаць працэс кампенсацыі ахвярам дыктатуры.
«Законапраект з'яўляецца вяхой у імкненні ўрада ліквідаваць рознагалоссі з нагоды месца Франка ў гісторыі Іспаніі». Дыктатура ХХ стагоддзя была «самым змрочным перыядам нашай сучаснай гісторыі», — дадаў Баланьёс.
А вось апазіцыя так не лічыць. Яна звяртае ўвагу на тое, што, паводле новага закона, будзе забаронена «ўхваленне палітыкі Франка і знявага годнасці ахвяр путчу 1936 года або Грамадзянскай вайны». Такі артыкул, як адзначае правая прэса, створыць легальную глебу для крыміналізацыі шматлікіх арганізацый. Перш за ўсё, фонду імя Франсіска Франка, які рэкламуе спадчыну былога дыктатара.
Акрамя таго, праблемы могуць узнікнуць у права-папулісцкай партыі «Vox», апалагеты ідэалогіі якой успрымаюць Франка як палітычнага генія, які навёў парадак, запусціў заводы, вырашыў праблему сепаратыстаў, абараніў ад анархістаў касцёл і г. д.
«Правыя» выданні і палітыкі нават лічаць, што новы закон можа кепска адбіцца на маштабах турызму (важная галіна іспанскай эканомікі). Турысты, маўляў, не паедуць у краіну, дзе трэба ўвесь час трэба асцерагацца, каб не ляпнуць нейкую крамолу. Інакш можна атрымаць штраф мінімум у 200 еўра. Такую суму, паводле законапраекта, павінен будзе заплаціць той, хто дапусціць пазітыўную ацэнку рэжыму Франка.
На самой справе тэма штрафаў за падтрымку Франка дастаткова спекулятыўная. «Закон пра дэмакратычную памяць» дазволіць вырашыць шмат іншых важных пытанняў.
Так, ён дасць магчымасць стварыць за кошт бюджэту нацыянальны банк ДНК для дапамогі ў пошуку зніклых без вестак і меркаваных мёртвых іспанцаў сярод парэшткаў у безыменных або агульных магілах. Іх да гэтага часу вельмі часта знаходзяць. У цяперашні час грамадскія рухі і сем'і вымушаны аплачваць пошук і эксгумацыю самі. Дарэчы, на цяперашні дзень, згодна з падлікамі спецыялістаў, каля 110 000 ахвяр вайны і дыктатуры Франка застаюцца неапазнанымі.
Прапанаваны закон таксама накіраваны на раскрыццё праўды пра катаванні і зверствы, якія мелі месца ад пачатку Грамадзянскай вайны і аж да прыняцця новай Канстытуцыі 1978 года. Пасля прыняцця «Закона аб дэмакратычнай памяці» мяркуецца прызначыць спецыяльнага пракурора, які будзе вывучаць такія выпадкі. Раней такое было немагчыма, паколькі «Закон аб амністыі» 1977 года забараняў прыцягваць франкісцкіх сілавікоў да адказнасці.
Прысуды па палітычных, рэлігійных ці сексуальных матывах, вынесеныя пры Франка, таксама будуць адмененыя. Найбольш непрыемны сюрпрыз, напэўна, чакае арыстакратаў, якія атрымалі тытулы ў часы дыктатуры. Такога кшталту графы ды герцагі будуць пазбаўленыя пышных санаў і аўтаматычна стануць простымі грамадзянамі.
Тым не менш, безумоўна, без праблем не абыдзецца. Напрыклад, не зразумела, як павінен ставіцца суд да іспанца, які на людзях раптам згадае, што ў часы Франка іспанская эканоміка дэманстравала добрыя тэмпы развіцця, што, дарэчы, праўда. Ці можна будзе гэта лічыць гларыфікацыяй дыктатуры?
Таксама нельга выключаць, што іспанскі «Закон аб дэмакратычнай памяці» стане апраўданнем для прыняцця вельмі супярэчлівых законаў на тэму гісторыі ў краінах з аўтарытарнымі або папулісцкімі ўрадамі. Так, у Расіі забаранілі параўноўваць нацысцкую і савецкую палітыку. У Польшчы нельга гаварыць, што Асвенцым быў польскім лагерам смерці і г. д.
Што можна на гэта сказаць? У прынцыпе, нават самыя ліберальныя гісторыкі пагаджаюцца, што дзяржавы выкарыстоўваюць наяўныя механізмы ўлады, каб выдаліць з масавай свядомасці адну версію мінулага і навязаць іншую. Ці можна ў нашым выпадку разглядаць гэта як форму самаабароны дэмакратычнай дзяржавы ад спроб вярнуць у Іспанію практыкі дыктатуры? Напэўна, так.