Шуневіч: У Беларусі ўсёдазволенасці ў інтэрнэце будзе пастаўлены бар'ер
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пракаментаваў "Палажэнне аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурса", якое распрацаванае ў Беларусі і на мінулым тыдні было вынесена на грамадскае абмеркаванне, паведамляе «Еўрарадыё».
Як вядома, галоўнае ў ім — карыстальнік, які захоча каментаваць матэрыялы на пэўным сайце, мусіць аўтарызавацца, "засвяціць" свой нумар тэлефону. У праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" Шуневіч адзначыў, што новаўвядзенне будзе дысцыплінаваць беларускае грамадства.
"Інтэрнэт зараз — гэта зона абсалютна безадказных паводзінаў, выказванняў, меркаванняў, абраз, распаўсюджвання паклёпу, здзяйснення шэрагу канкрэтных крымінальных злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў, — гаворыць міністр. — За кожны ўчынак чалавек павінен адказваць, асабліва калі ён парушае нечыя правы, інтарэсы. Зыходзячы з гэтага, лічу мэтазгодным, правільным і своечасовым вырашэнне пытання аб ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў гэтага працэсу".
Ігар Шуневіч лічыць, што аўтарызацыя інтэрнэт-карыстальнікаў "у нейкай ступені" паставіць бар'ер "усёдазволенасці".