Тысячы беларускіх студэнтаў патрабуюць правесці новыя выбары, заклікаюць выходзіць з БРСМ

Ці збіраюцца універсітэты страйкаваць з 1 верасня і якія патрабаванні выстаўляюць уладам — пра гэта даведалася «Свабода»

 Моладзь на акцыі «Марш новай Беларусі» ў Мінску 

 Моладзь на акцыі «Марш новай Беларусі» ў Мінску 


Студэнты як мінімум 7 універсітэтаў збіраюць подпісы пад агульнымі патрабаваннямі: спыніць гвалт у адносінах да мірных пратэстоўцаў, вызваліць палітзняволеных, прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі.

«Новыя выбары і дыялог»

«Мы, студэнты і выпускнікі БДУІР, сочым за палітычнымі падзеямі ў Беларусі і не хочам заставацца ўбаку. Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі праведзеныя з мноствам парушэнняў і спробаў фальсіфікацый, мы не прызнаем іх вынікі», — гаворыцца ў петыцыі студэнтаў БДУІР.

Сярод іншага, студэнты БДУІР заклікаюць улады наладзіць дыялог са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі яе штабу, каб выйсці з палітычнага крызісу.

«Кіраўніцтва краіны вельмі неахвотна выходзіць на дыялог, спрабуючы падавіць пратэсты гвалтоўнымі метадамі і маргіналізаваць пратэстоўцаў у дзяржаўных СМІ. Мы занепакоеныя тымі сродкамі, якія абрала кіраўніцтва краіны для ўрэгулявання канфлікту», — адзначаецца ў петыцыі.

У БДУІР петыцыю падпісалі ўжо 2213 студэнтаў, магістрантаў і выпускнікоў. Цяпер у гэтай ВНУ арганізаваны страйкавы камітэт, які заклікае студэнтаў масава выходзіць з праўладнай арганізацыі БРСМ.

«Чакаем сустрэчы з рэктарам»

Студэнты БНТУ таксама рыхтуюць петыцыю з аналагічнымі патрабаваннямі, а таксама распаўсюджваюць заявы на выхад з БРСМ. Як паведаміла Свабодзе адна са студэнтак, «цяпер не ўсе яшчэ засяліліся ў інтэрнаты, таму пад петыцыяй каля паўсотні подпісаў».

«Мы хочам дамагчыся сустрэчы з рэктарам, бо яму выгадней сустрэцца з намі да таго, як мы прынясем петыцыю. Мы хочам дамагчыся спынення ціску на студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама абяцанняў, што нікога не будуць адлічваць за грамадзянскую пазіцыю. Нас ва ўніверсітэце вучаць праўдзе і справядлівасці, дык дзе цяпер гэтая праўда і справядлівасць?» — кажа студэнтка.

Сваю петыцыю падрыхтавалі студэнты і выкладчыкі БДУ. У ёй наступныя патрабаванні:

  • Адстаўка Лукашэнкі
  • Спыненне гвалту і прыцягнення да адказнасці за выказванне сваёй пазіцыі
  • Адстаўка Цэнтральнай выбарчай камісіі
  • Правядзенне паўторных справядлівых і празрыстых выбараў

Петыцыі з аналагічнымі патрабаваннямі з’явіліся таксама ў БДПУ, МДЛУ, БДЭУ, Універсітэце культуры.


«Падтрымаць патрабаванні працоўных»

Пад петыцыяй МДЛУ ўжо 2440 подпісаў. Студэнты, выпускнікі і выкладчыкі патрабуюць:

  • Спыніць гвалтоўныя дзеянні сілавікоў
  • Паведаміць праваахоўнікам пра выпадкі фальсіфікацый
  • Не замоўчваць інфармацыю пра акцыі салідарнасці і забастоўкі
  • Падтрымаць патрабаванні працоўных калектываў

Студэнты розных ВНУ пакуль абмяркоўваюць варыянты і фармат далейшых дзеянняў.