У Беларусі могуць адмяніць спіс забароненых прафесій для жанчын

Спіс забароненых для жанчын прафесій могуць адмяніць у Беларусі, пра гэта заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у эфіры тэлеканала СТВ.

dama02_lisa_kelly_estradas_mortais.jpg


Апошнім разам спіс карэктавалі ў 2014 годзе. Згодна яму, жанчын забаронена прыцягваць да работ па ўздыму цяжараў, да падземных і верхолазных работ, да работ па здабычы газу і нафты, ліцейных работ і іншых небяспечных відаў дзейнасці. У дадзены момант у пералік уваходзіць 182 прафесіі са шкоднымі ўмовамі працы, якія небяспечныя для здароўя жанчын. Напрыклад, у Беларусі жанчыны не могуць быць машыністамі метро.

«Да гэтага спісу таксама трэба падысці з асэнсаваннем. Жанчыну не возьмуць у прафесію, толькі калі на гэтым прадпрыемстве гэтая прафесія сапраўды са шкоднымі ўмовамі працы. Калі атэстацыя працоўных месцаў пацвярджае, што гэта працоўнае месца не шкоднае і не небяспечнае для здароўя жанчыны, то, бясспрэчна, яе возьмуць у гэтую прафесію», — запэўніла кіраўніца Мінпрацы.

Касцевіч адзначыла, што нярэдкія выпадкі, калі, згодна з пералікам, жанчына не можа працаваць у пэўнай прафесіі, але па факце працуе, калі на прадпрыемстве забяспечаны бяспечныя ўмовы працы. Напрыклад, у Беларусі хапае жанчын, якія працуюць кіроўцамі грузавых аўтамабіляў.

«Мы перш за ўсё працуем са скарачэннем шкодных і небяспечных умоў працы. Хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час прыйдзем да таго, што гэты пералік будзе адменены», — заключыла Касцевіч.

Нагадаем, што за адмену такога спісу доўгі час выступаюць грамадскія арганізацыі і ініцыятывы — напрыклад, «Наш Дом» на чале з Вольгай Карач.

Паводле Беларускі партызан