У Беларусі плюс пяць новых палітвязняў. Агулам іх ужо 342

Праваабарончая супольнасць патрабуе неадкладна вызваліць палітвязняў Станіслава Паўлінковіча, Валерыя Лазу, Юрыя Карніловіча, Паўла Бераснева, Віталя Зарадзея і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх, піша «Салідарнасць».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра наступных асоб, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і абразу дзяржаўных сімвалаў:

Станіслаў Паўлінковіч — асуджаны прысудам суду Магілёўскага раёна на два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 391 КК («Абраза суддзі»), накіраваны для адбыцця пакарання;

Валерый Лаза — асуджаны прысудам суду Светлагорскага раёна на два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), накіраваны для адбыцця пакарання;

Юрый Карніловіч — асуджаны прысудам суду Заводскага раёна г. Мінска на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), накіраваны для адбыцця пакарання;

Павел Бераснеў — асуджаны прысудам суду Маладзечанскага раёна на паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), накіраваны для адбыцця пакарання;

Віталь Зарадзей — абвінавачаны паводле арт. 391 КК («Абраза суддзі»), заключаны пад варту ў СІЗА г. Брэста.

Праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі Станіслава Паўлінковіча, Валерыя Лазы, Юрыя Карніловіча, Паўла Бераснева і Віталя Зарадзея палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі.

Заяву з патрабаваннямі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны падпісалі праваабарончы цэнтр «Вясна», РГА «Прававая ініцыятыва», Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, «Ініцыятыва FORB», Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя арганізацыі.