У беларускай мовы ёсць толькі Беларусь

Чаму літоўцы змаглі вырашыць моўнае пытанне, а беларусы ўсё топчуцца месцы, баючыся, каб хаця б руская мова не пакрыўдзілася на беларускую, калі тая будзе не ў ролі падчарцы, а дачкі ў сваёй маці-Беларусі? Пра гэта разважае доктарка філалагічных навук Лілея Плыгаўка.

unnamed_196.jpg


Пытанне любой нацыянальнай мовы як вырашанае, так і cпрэчнае ўжо доўгі час. Асабліва яно абвастраецца тады, калі краіна хоча будаваць сваё жыццё самастойна, але іншая краіна, што трымае яе ў сваёй сферы ўплыву, гэтага, зразумела, не хоча.

І вось, каб не выскачыў народ з "братэрскіх абдымкаў”, пачынае мусоліцца моўная тэма. Выводзіцца тэза пра міфічныя крыўды, непаразуменні, апраўданні карыстання чужой мовай дзеля нечага таго, што ніхто і не разумее як след.

Ствараецца штучная праблема, якая баламуціць і палохае людзей. Галоўнае – доўга і шмат гаварыць пра яе і з нейкімі жахлівымі перспектывамі.

Я прыехала ў Літву ў 91-м. Як толькі Літва аднавіла незалежнасць, яна прыняла Закон аб мовах, які ўсталёўваў за літоўскай мовай статус дзяржаўнай.

Што такое дзяржаўная мова? Зразумела, гэта мова этнасу, які даў пачатак пэўнай дзяржаве. І таму толькі на тэрыторыі гэтай дзяржавы яна можа рэалізоўвацца, захоўвацца і развівацца.

Другое. Дзяржаўны статус мовы дазваляе накіроўваць фінансавыя сродкі на яе даследаванне, рэалізацыю і развіццё. Гэта робіцца для таго, каб мова магла паўнавартасна выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах жыцця – справаводстве, заканадаўстве, адукацыі, эканоміцы і г.д.

Памятаю, не ўсе, безумоўна, былі згодныя з тым, што трэба пісаць заявы і лісты па-літоўску. Што трэба здаваць экзамен па літоўскай мове, калі прэтэндуеш на нейкую пасаду.

Але ўсё ж тое, на якой мове звяртацца да свайго народа чыноўніку, кіраўніку ці прэзідэнту, нават і без закона аб мовах не аспрэчвалася. Як не аспрэчваецца, хто для цябе ёсць твае бацькі і твая зямля.

І што ў краіне сёння, праз 30 гадоў? Пры адзінай дзяржаўнай мове кожны размаўляе на той мове, якая для яго зручней у дадзенай сітуацыі ці калектыве. І разам з тым паважае літоўскую мову, бо гэта ёсць мова дзяржавы, дзе ён жыве.

Дык чаму літоўцы змаглі вырашыць гэтае пытанне, а беларусы ўсё топчуцца месцы, баючыся, каб хаця б руская мова не пакрыўдзілася на беларускую, калі тая будзе не ў ролі падчарцы, а дачкі ў сваёй маці-Беларусі?

У рускай мовы ёсць Расія, у літоўскай – Літва.... А ў беларускай мовы ёсць толькі Беларусь.

Чаму немцы размаўляюць па-нямецку, палякі – па-польку, французы – па-французску?... І нікога гэта не здзіўляе. Ніхто не патрабуе ад іх, каб яны адмовіліся ад сваёй мовы. Ніхто іх не палохае нацыяналізмам (хаця вызначэнне гэта тэрміна станоўчае), не кажа, што яны некага крыўдзяць або прыніжаюць.

Я доўга магу тлумачыць гістарычныя прычыны гэтай з’явы, але – сёння і без майго тлумачэння ёсць шмат даступнай інфармацыі, урэшце свая галава, і можна знайсці адказ на гэтае пытанне.

Як і на пытанне: Чаму прэзідэнты іншых краін з гонарам прамаўляюць на сваёй мове? А беларускія кандыдаты ў прэзідэнты, наадварот, ігнаруюць мову свайго народа, бо, як неяк прагучала, па-беларуску “беларусы мяне горш зразумеюць”.

Тым самым прыніжаючы беларусаў і робячы з іх нейкіх непаўнавартасных людзей, што няздольныя ў наш час полілінгвізму зразумець мову, якую чулі ад дзядоў і бацькоў і вывучалі ў школе.

І апошняе. Літва ідзе далей, перастаўшы выдаткоўваць свае сілы на відавочнае. А тыя беларусы, якія пераязджаюць сюды жыць, не разважаюць, трэба ці не мне літоўская мова (як гэта яны робяць у Беларусі), а адразу шукаюць моўныя курсы.

Калі нацыя хоча быць заможнай і самадастатковай, хоча, каб з ёй лічыліся, яна мусіць апекавацца ў першую чаргу СВАЁЙ мовай і культурай, а потым астатнімі. Астатнімі няхай апякуюцца іх краіны.