ТБМ: Узнялі бел-чырвона-белыя сцягі, уздымуць і мову

ХIV З’езд Таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны, які адбыўся ў Мінску 18 кастрычніка, выказаўся за вяртанне Канстытуцыі 1994 года і статуса адзінай дзяржаўнай беларускай мовы.

Дэлегаты з'зда ТБМ. Фота Элы Дзвінскай

Дэлегаты з'зда ТБМ. Фота Элы Дзвінскай


Са справаздачным дакладам на выступіла Алена Анісім. Справаздачны перыяд быў адзначаны выбітным юбілеем — 100-годдзем заснавання БНР. Старшыня ТБМ была запрошана ў Лондан, на святкаванні, арганізаваныя беларускай дыяспарай, дзе яна сустракалася з Івонкай Сурвілай. 25 сакавіка 2018 года яна выступала з кароткім вітальным словам на святкаваннях 100-годдзя БНР ля Опернага тэатра ў Мінску.
25 красавіка 2018 года Алена Анісім выступала ў Страсбургу на пасяджэнні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы. Спадарня Анісім актыўна працавала як дэпутат Палаты Прадстаўнікоў і ў складзе Рэктарата Універсітэта імя Н. Гілевіча, праводзячы сустрэчы ў рэгіёнах.
25-26 лістапада 2017 года па ініцыятыве ТБМ і Аргкамітэта па стварэнні ўніверсітэта з беларускай мовай навучання была арганізавана канферэнцыя “Нацыянальны ўніверсітэт: місія і выклікі”. Члены Рэктарата Універсітэта імя Ніла Гілевіча наведвалі навучальныя ўстановы Польшчы і Даніі, вывучалі іх досвед і дзяліліся ім у Беларусі.
Намеснік старшыні ТБМ, рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік распавёў пра выдавецкую і культурна-асветніцкую дзейнасць Таварыства, развіццё сайта, пра шматлікія літаратурныя мерапрыемствы, якія актыўна ладзілі па ўсёй краіне сябры арганізацыі разам з Міхасём Скоблам, Леанідам Дранько-Майсюком, Эдуардам Акуліным, Антанінай Хатэнка і іншымі пісьменнікамі і паэтамі, пра паспяховае правядзенне агульна-нацыянальных дыктовак у бібліятэках і ўстановах культуры, усталяванне помнікаў выбітным гістарычным асобам.
Выступоўцы выказалі думку, што сённяшні ўздым грамадскай актыўнасці на вуліцах павінен надаць належнае месца ў дзяржаве беларускай мове.
“Калі людзі высока ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі як нацыянальныя сімвалы, то яны ўздымуць і мову!”— упэўненыя дэлегаты з’езда.
Па прапанове ганаровага старшыні ТБМ кандыдата гістарычных навук Алега Трусава з'езд выступіў за вяртанне Канстытуцыі 1994 года, у якой беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай мовы.

Алена Анісім. Фота Элы Дзвінскай

Алена Анісім. Фота Элы Дзвінскай


У выніку выбараў на з’ездзе старшынёй ТБМ на наступныя тры гады зноў была абраная Алена Анісім.
24 студзеня 2021 года адбудзецца пасяджэнне новай Рады ТБМ, на якім будзе зацверджаны план дзейнасці арганізацыі на наступны год.