У беларускай сям'і тры гады жыве бусел
Тры гады таму ў вёсцы Калініна Буда-Кашалёўскага раёна ўраганам зламала старую ліпу з буслянкай, і двое буслянят апынуліся на вуліцы без бацькоў. Пенсіянер Уладзімір Іванавіч узяў іх да сябе дадому. Адно птушаня не выжыла, а другое жыве і дагэтуль у адным доме з вяскоўцам, піша газета «Авангард».
Уладзімір Іванавіч узяў птушак да сябе з жалю — баяўся, што без яго яны загінуць.
— Суседскі сын збіў скрыню, сена падклаў і пасадзіў туды птушанят. Узгрувасціў яе на дах і моцна прыбіў. Мы спадзяваліся, што бацькі прыляцяць і выратуюць іх. Але яны так і не вярнуліся. Не маглі мы глядзець, як малыя з голаду паміраюць, і знялі іх з даху. Выжыла, праўда, толькі адно птушаня. Мы назвалі яго Гошам. Сусед адвёз яго да ветэрынара. Там зрабілі рэнтген і высветлілі, што ў яго пашкоджана крыло. А яшчэ Гоша аказаўся дзяўчынкай. У нас і дакумент ёсць. Так у нас з'явілася Даша, — распавёў пенсіянер.
Дашы наклалі павязку на крыло, але косткі няправільна зрасліся і яна так і не навучылася лётаць. З таго часу бусліха жыве ў адной хаце са сваімі выратавальнікамі.
Сілкуецца птушка кількай і курынымі шыйкамі, зімой на вуліцу не выходзіць: пахаджвае па хаце і глядзіць тэлевізар. У двары Даша з'яўляецца толькі з надыходам цяпла. Выходзіць на вуліцу чарвяка падзяўбці або цыбулю з градак павыдзіраць.
Выпусціць птушку на волю пенсіянеры баяцца — да такога жыцця яна не прыстасаваная. Уладзімір Іванавіч спадзяецца аддаць сваю бусліху ў заапарк ці гадавальнік.
— А калі не, што ж, будзем неяк разам суіснаваць, — сказала жонка Уладзіміра Іванавіча Таццяна.