У Будслаўскі касцёл, які сёлета пацярпеў ад пажару, вяртаюцца служэнні

31 снежня ў 23:00 там пройдзе Святая Імша на заканчэнне года. 1 студзеня ў 12:00 — Урачыстасць Багародзіцы Марыі. А 2 студзеня ў 12:00 — Святая Імша.

Традыцыйны каталіцкі фэст у Будславе, ліпень 2021 года

Традыцыйны каталіцкі фэст у Будславе, ліпень 2021 года


На адбудову касцёла неабыякавыя людзі сабралі больш за 1,145 млн рублёў. Апошнія 3 тысячы — на Калядным кірмашы, які прайшоў у мінскім Саборы Святога Роха пару дзён таму, паведаміла Еўрарадыё.

Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. У выніку абваліўся дах, а вада з пажарных брандспойтаў пашкодзіла сцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсвяцейшы Сакрамэнт і іншую каштоўную маёмасць паспелі вынесці. Кіраўніцтва касцёла неадкладна звярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.

За прамінулы час валанцёры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбранне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысцілі дах ад смецця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сістэму адводу дажджавой вады.