У Гомелі прэзентавалі кнігу пра «жалезную лэдзі» беларускага руху
У Гомелі прэзентавалі кнігу «Пакліканая свабодай» пра міністарку БНР, ураджэнку Гомеля Палуту Бадунову.
Гісторык Валянціна Лебедзева распавядае, што кніга – вынік дзесяцігадовай працы ў архівах.
– Уразіла, напрыклад, следчая справа Бадуновай, якая займае ўсяго толькі 11 старонак. І закончылася яна такім страшным прысудам – 10 гадоў ГУЛАГа. Хоць я ведала, што такое архіўныя дакументы, я іх бачыла, але вось гэта мяне сапраўды ўразіла, бо адкрыла ўсю карціну, методыку, тую страшэнную трагедыю, якая адбывалася з людзьмі. Фактычна для таго, каб атрымаць смяротны прысуд, спатрэбілася справа ў 10 старонак.
Сябра аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР у Гомелі Уладзімір Кацора адзначае, што кніга адмыслова з’явілася да юбілейнай даты.
– Такая слаўная дата, як стагоддзе БНР, важная, мабыць, таму, што сёння мы яшчэ не маем сапраўднай дзяржаўнасці, сапраўднай Беларусі, сапраўднай незалежнасці. Таму тое, што 100 гадоў таму бацькі Беларусі абвясцілі Беларускую Народную Рэспубліку, важна не столькі для гісторыі, колькі для нашай будучыні.
Гамяльчанка Палута Бадунова была адзінай жанчынай у Народным сакратарыяце БНР, подпіс якой стаіць пад трыма Устаўнымі Граматамі. Міністарка была закатаваная ў 1938 годзе.
Паводле racyja.com