У Гродна ўшануюць памяць Міхася Ткачова
75 гадоў споўнілася б Міхасю Ткачову, гісторыку, энцыклапедысту, першаму кіраўніку гістарычна-культурнага клубу «Паходня» ў Гародні.
Сёння ў Гродна а 14-й гадзіне адбудзецца ўскладанне кветак да мемарыяльнай шыльды на праспекце Будаўнікоў, доме, дзе жыў славуты гісторык.
Увечары ў галерэі „Крыга” пройдзе сустрэча тых, хто ведаў Міхася Ткачова, не толькі як гісторыка, але і як актыўнага грамадскага дзеяча.
Пра імпрэзу распавёў публіцыст Уладзімер Хільмановіч:
— У галерэі “Крыга” а 18:30 адбудзецца вечарына, прысвечаная памяці Міхася Ткачова. На жаль, ён адышоў вельмі рана, фактычна ва ўзросце 50 гадоў. Міхась Ткачоў чалавек звязаны з Мсціславам, з Гародняй вельмі цесна, з некаторымі іншымі гарадамі. Чалавек, які перакапаў усю Беларусь і адкрыў яе для многіх з нас.
На сустрэчу а 18:30 запрошаны многія ветэраны клубу “Паходня”, каб згадаць пра Міхася Ткачова. Уваход вольны.