У інтэрнэце запатрабавалі вярнуць дарожны знак «Выконвай хуткасны рэжым»
Пасля выступлення Лукашэнкі 19 красавіка ў інтэрнэце з'явілася петыцыя ў падтрымку беларускай мовы.
Аўтары звароту на сайце petitions.by акцэнтуюць увагу на парушэннях правоў беларускамоўнага насельніцтва і дыскрымінацыю беларускай мовы.
«У прыватнасці, у гарадах мала беларускамоўных шыльдаў (у тым ліку на вакзалах), існуюць перашкоды для беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях, няма патрабавання да чыноўнікаў роўнага валодання мовамі, адсутнічае практыка справаводства на беларускай мове, суды ідуць па-руску, адсутнічае ўвесь корпус заканадаўства на беларускай мове», — зазначаецца ў петыцыі.
Згадваецца і абурэнне кіраўніка дзяржавы беларускамоўнай шыльдай «Выконвай хуткасны рэжым», сэнс якой нібыта не зразумеюць рускія і рускамоўныя беларусы.
Акрамя таго, зазначаюць складальнікі звароту, адсутнічае магчымасць паўнавартасна працягваць адукацыю на беларускай мове: няма ніводнай дзяржаўнай беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы.
Аўтары петыцыі патрабуюць:
1. Вярнуць на дарогі дарожны знак «Выконвай хуткасны рэжым» па-беларуску і ў далейшым прытрымлівацца афармлення знакаў на беларускай мове.
2. Забяспечыць магчымасць навучання на беларускай мове кожнага жадаючага і заахвочваць да вывучэння і выкладання на беларускай мове выхавацелей, настаўнікаў і выкладчыкаў адмысловымі прэміямі.
3. Стварыць беларускамоўную дзяржаўную вышэйшую навучальную ўстанову і падтрымаць іншыя падобныя прыватныя ініцыятывы.
На момант публікацыі петыцыя сабрала больш за 400 подпісаў.