У Маскве затрымалі яшчэ аднаго беларуса-пратэстоўца
Міхаіл Зубкоў быў у вышуку за ўдзел у маршы ў Гомелі, на якім «падышоў да супрацоўніка АМАПа бліжэй, чым трэба», паведамляюць праваабаронцы.
Сёння раніцай у маскоўскім метро паліцыя затрымала жыхара Гомеля Міхаіла Зубкова. Яго спынілі для праверкі пашпарта, і высветлілася, што беларус — у вышуку. Цяпер Міхаіл у аддзяленні паліцыі, паведамілі @navinyonline яго сваякі.
У верасні мінулага года Зубкоў удзельнічаў у маршы ў Гомелі, яго затрымаў АМАП. Мужчына правёў 15 сутак у ІЧУ. Больш да яго прэтэнзій з боку міліцыі не было, упэўніваюць сваякі. Міхась з'ехаў на працу ў Маскву.
«У жніўні да жонкі і маці Міхаіла прыйшла міліцыя — былі ператрусы, шукалі і яго самога. Потым жонку выклікалі ў СК. Следчая паказала ёй фотаздымкі з маршу і патлумачыла, што яе муж падышоў да супрацоўніка АМАПа «бліжэй, чым трэба» і што ў Міхаіла на фота быў чырвоны твар. Гэта значыць, «ён гатовы быў кінуцца на супрацоўніка АМАПа», — распавялі сваякі.
Папярэдне на Зубкова распачалі крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікам міліцыі.