У Мінску асвяцілі званы Чырвонага касцёла
Самы знакаміты касцёл беларускай сталіцы афіцыйна абзавёўся 17 лютага ўласнымі званамі. Урачыстую інаўгурацыю званоў мінскага Чырвонага касцёла ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе Белсат.

«Касцёл без званоў яшчэ не закончаны. Менавіта тады яго можна лічыць закончаным, калі на ім ёсць званы. Званы – гэта не толькі прыгожы музычны інструмент. Гэта таксама знак евангелізацыі. Гэта той інструмент, які прабуджае нашае сумленне», – адзначыў мітрапаліт.
Паводле яго, галоўнае прызначэнне званоў – гэта заклікаць на малітву, «каб мы маглі падняць свой позірк уверх, падняць свой позірк да Бога».
«Званы Чырвонага касцёла, сёння пачынаеце новае жыццё! Сёння вашая інаўгурацыя. Званіце, званіце моцна, абвяшчайце гэтую праўду, што толькі Божым словам жыве чалавек», – падкрэсліў Тадэвуш Кандрусевіч.

Электрычныя званы на Чырвоным касцёле былі ўсталяваныя ўлетку 2017 года. Але тады Мінгарвыканкам, спаслаўшыся на звароты мясцовых жыхароў, забараніў іх. Пасля гэтага было дамоўлена замест электрычных званоў усталяваць на храме сапраўдныя. Збор сродкаў на набыццё трох званоў (звону Алімпіі, Сымона і Алены, звону Эдварда Вайніловіча і звону Арханёла Міхала) быў адкрыты год таму – у лютым 2018 года. Агулам іх кошт склаў 70 тыс. еўра, прычым пробашчу Чырвонага касцёлу нават давялося закласці сваю кватэру.

Адлівала званы польская фірма RDUCH. Даставілі званы ў Мінск у верасні 2018 года.