У Мінску пабудуюць жылы квартал, дзе не будзе аўтамабіляў
У Мінску прыступілі да ўзвядзення жылога квартала, у якім не запланавана месцаў для аўтатранспарту.

Будаўніцтва ідзе ў маладым мікрараёне Новая Баравая. Тэрыторыя будзе абсалютна закрытай для асабістых аўтамабіляў. Лічаць, што гэта дапаможа дасягнуць камфорту і бяспекі ў двары.
Будучым жыхарам абяцаюць, што парковачных месцаў хопіць усім. Да 1242 аўтамабіляў змесціцца на наземных паркоўках па перыметры квартала, у падземным паркінгу — яшчэ 188. Згодна з планам, для кожнай кватэры выдзелена адно парковачнае месца. Пад'езды прадугледжаны скразныя, каб палегчыць выхад на паркоўку.

Заязджаць унутр квартала зможа толькі спецыяльны транспарт. У дварах размесцяць зялёныя зоны, дзіцячыя пляцоўкі, пешаходныя і веладарожкі, «цэнтральную плошчу» са сцэнай.
Некаторыя дамы здадуць ужо ў жніўні 2017 года, а ўвесь квартал — да канца 2018 года.
Паводле Нашай Нівы