У Полацку сем гадоў не могуць дабудаваць помнік ахвярам фашызму
Мемарыяльны комплекс «Урочышча Пяскі» ў Полацку не могуць дабудаваць сёмы год. Будаўніцтва пачалося ў 2012-м, і планавалася, што працу над аб’ектам скончаць менш чым за год, але нешта пайшло не так, піша «Еўрарадыё».
На месцы мемарыяльнага комплексу падчас Другой сусветнай вайны знаходзіўся лагер для савецкіх ваеннапалонных «Дулаг-125». У ім загінула каля сарака тысяч чалавек.
Завышаныя кошты, няякасныя матэрыялы, банкруцтва фірмы-падрадчыка — што яшчэ перашкаджае ўзвесці мемарыял і ці зробяць гэта калі-небудзь?
«Нават помнік не можам паставіць»
Цяпер на месцы, дзе павінен паўстаць мемарыяльны комплекс, ідуць будаўнічыя працы. Па словах рабочых, аб’ект трэба здаць праз некалькі месяцаў. Ужо 3 ліпеня ва ўрочышчы Пяскі плануюцца ганаровыя мерапрыемствы.
Полацкі краязнаўца Аляксей Бухавецкі кажа, што горад замахнуўся на вельмі вялікі і дарагі праект.
«Урочышча Пяскі — гэта нейкая катастрофа ў Полацку, — распавёў «Еўрарадыё» Аляксей Бухавецкі. — Горад замахнуўся на вельмі вялікі аб’ект. Дастаткова было паставіць адзін агульны помнік для ўсіх войнаў. Нават не ўсе абласныя гарады дазволяць такое будаўніцтва, а тут Полацк. Самі рабочыя кажуць, што праекты некалькі разоў перапісваліся, перарабляліся, і дагэтуль рады не могуць даць. Не разумею, хто такія праекты зацвярджае, калі ведаюць, што не пад сілу».
У лістападзе 2017 года Камітэт дзяржаўнага кантролю падчас праверкі выявіў шэраг парушэнняў пры будаўніцтве. Высветлілася, што генеральны падрадчык завышаў кошты працы і выкарыстоўваў няякасныя матэрыялы. Пазней фірма-падрадчык «Отделочник-28» увогуле збанкрутавала. Будоўля мемарыяльнага комплексу спынілася.
«Простыя людзі ў Полацку кажуць, што сорамна павінна быць за такое, — дадае мясцовы краязнаўца. — Воіны баранілі, а мы ім не можам нармальны помнік паставіць. У нас грошай няма, у нас таго ці іншага няма...Сорамна перад загінулымі воінамі. Мне асабіста сорамна».
«Усё ўпіраецца ў грошы»
У Полацкім райвыканкаме, куды звярнулася «Еўрарадыё», кажуць, што працы ідуць, а прычынай даўгабуда называюць недахоп фінансавання.
«Праект атрымаўся дарагі і вялікі, — распавядае першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Лейчанка. — На 2012 год, магчыма, не здавалася, што так будзе. Сёння гэта дорага. Будаўніцтва зацягнулася з-за фінансавання. Усё ўпіраецца ў грошы, у падрадчыкаў. Каб завяршыць працу, патрэбна каля 650 тысяч беларускіх рублёў».
Чыноўнік дадае, што вакол будоўлі створаны ажыятаж. Правесці ганаровыя мерапрыемствы ва ўрочышчы Пяскі плануюць 3 ліпеня.
«Шмат чутак, шмат расказаў. Ніякіх крымінальных спраў няма. Праблемы, калі правяраў Дзяржкантроль, былі, але сёння пытанні знятыя. Аб’ект будуецца, займаемся», — запэўнілі ў райвыканкаме.