У Польшчы будуць судзіць палітуцекача з Беларусі за нелегальны пераход мяжы

У пятніцу, 14 студзеня, у раённым судзе Бяла-Падляскі пачнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітычнага ўцекача з Беларусі, які нелегальна перасёк мяжу Польшчы, і дваіх яго знаёмых, якіх следства лічыць яго памагатымі. Сам беларус і праваабаронцы ўпэўненыя, што яго няма за што судзіць. Гісторыю беларуса распавяла Wyborcza.pl.

Фота twitter.com/Straz_Graniczna

Фота twitter.com/Straz_Graniczna

Бежанца завуць Віталь, ён з Брэста. Быў прадпрымальнікам, уладальнікам фірмы, жыў ва ўласным доме. Пасля выбараў 2020 года Віталь далучыўся да пратэстаў і, як піша выданне, неўзабаве стаў адным з лідараў і арганізатараў пратэстных акцый, затым займаўся "партызаншчынай" — разам з іншымі актывістамі друкаваў улёткі, рабіў у горадзе пратэсныя надпісы і малюнкі. Хтосьці з затрыманых здаў іх міліцыі, Віталь атрымаў інфармацыю, што яму трэба бегчы, і скарыстаўся парадай. Адразу пасля гэтага, раніцай 11 лістапада, яго дом атачыў АМАП.

"Як за тэрарыстам прыйшлі, напалохалі жонку, пагражалі забраць дзіця. Абшукалі дом, канфіскавалі шмат рэчаў, у тым ліку аўтамабіль і пашпарт», — распавядае Віталь.

Па яго словах, яму было прад'яўленае мноства абвінавачванняў, па якіх пагражала да 10 гадоў за кратамі, абвясцілі ў вышук. Каля пяці месяцаў ён хаваўся на тэрыторыі Беларусі, не кантактуючы нават з сям'ёй, але ведаў, як гэта цяжка даецца яго блізкім, і вырашыў бегчы з краіны.

Выбраўшы Польшчу, мужчына прадумаў план, але нікому пра яго не паведамляў. Ён вырашыў пераплысці Буг. Справа было ў сакавіку. Рэалізаваць план аказалася няпроста і небяспечна, але Віталь усё ж змог пераплысці раку. З сабой у яго былі ўсе дакументы для пацверджання крымінальнага пераследу. На польскім беразе ён звязаўся з мясцовымі знаёмымі, сямейнай парай, каб яны забралі яго з мяжы. Тыя прыехалі і доўга шукалі яго, ездзячы туды-сюды, праязджалі нават міма машыны памежнага патруля, якая стаяла пустой. Урэшце знайшоўшы і адагрэўшы змёрзлага мужчыну, яны паехалі да пагранзаставы, але амаль адразу іх затрымаў памежны патруль.

Усіх траіх прывезлі ў пастарунак у Тэрэспалі, пратрымалі там 11 гадзін без ежы і вады. Была распачата крымінальная справа, нягледзячы на тое, што Віталь прасіў прытулку. У выніку і яму, і знаёмым былі прад'яўленыя абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 264 польскага КК аб нелегальным перасячэнні мяжы, Віталю пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі, а вось сямейную пару, якая яго сустрэла, абвінавачваюць у арганізацыі яго пераходу — а гэта ад паўгода да 8 гадоў пазбаўлення волі.

На думку Віталя, крымінальная справа — вынік таго, што афіцэры, якія дзяжурылі ў дзень яго пераходу мяжы, неналежным чынам выканалі свае абавязкі. Асабліва ён перажывае за знаёмых: муж яго сяброўкі, мытнік, ужо адхілены ад сваёй працы, і яго будучыня залежыць ад выніку суда. Віталь упэўнены, што яму, як таму, хто просіць прытулку, не павінны былі прад'яўляць абвінавачванне ў нелегальным пераходзе мяжы. Тым больш што ён пацвердзіў свой палітычны пераслед і ўжо атрымаў статус бежанца і ўсе дакументы, яго жонка і дзеці таксама ўжо перабраліся ў Польшчу.

Такога ж меркавання прытрымліваюцца і юрысты Асацыяцыі прававога ўмяшання, якая падключылася да справы Віталя. Як падкрэсліла сябра праўлення арганізацыі Малгажата Язвіньска, у Віталя не было нават магчымасці перасекчы мяжу легальна, бо беларускія сілавікі забралі яго пашпарт і абвясцілі мужчыну ў вышук. А патрапіўшы ў Польшчу, ён апынуўся на балотах і быў вымушаны папрасіць дапамогі знаёмых, каб захаваць сваё жыццё і здароўе. І галоўнае, адзначыла Язвіньска, артыкул 33.1 Жэнеўскай канвенцыі аб статусе бежанца прама забараняе караць бежанцаў за нелегальны пераход мяжы.

Паводле reform.by