У войска хочуць браць здаравейшых з хворых?

У Беларусі знізяць патрабаванні да здароўя для ваеннаабавязаных.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg

Мінабароны сумесна з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі працуюць над зніжэннем патрабаванняў да стану здароўя асоб, якія паступаюць на ваенную службу, паведамляецца ў тэлеграм-канале Мінабароны.

Зніжэнне патрабаванняў па здароўі закране ўсе катэгорыі ваеннаслужачых: як тых, хто праходзіць службу па кантракце, так і тых, хто прызваны на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве.

Як прынята было ў савецкія часы, усё гэта робіцца выключна «па просьбах працоўных». Так, будучае зніжэнне патрабаванняў у Міністэрстве абароны тлумачаць скаргамі з боку грамадзян, якія па стане здароўя не могуць рэалізаваць «мару стаць вайскоўцам».

«Гэта выклікана шэрагам аб'ектыўных прычын. І ў першую чаргу тым, што паступае вялікая колькасць зваротаў грамадзян, якія лічаць, што патрабаванні да стану здароўя значна завышаны і не дазваляюць маладым людзям рэалізоўваць мару стаць вайскоўцам», — пракаментавала такую ініцыятыву намесніца начальніка медыцынскай часткі Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных сіл РБ Святлана Кашура.