У Бабруйску адкрыецца Музей рэпрэсій
Прапанова стварэння Музея рэпрэсій прагучала на вечарыне памяці, якая адбылася мінулай восенню на офісе АГП.
А на 19 траўня яго стваральніца, грамадская актывістка Вольга Піманава, запланавала адкрыццё, з прэзентацыяй сабранага за гэты час матэрыяла.
— Адкрыццё вырашылі прымеркаваць да Міжнароднага дня музеяў, — адзначыла Вольга Піманава. — У экспазіцыі ахоплены перыяд рэпрэсій, 1920 -
1950 гады. Я ўзялася за гэтую тэму, бо ў Бабруйску ніхто грунтоўна не займаецца ёй. Нават у краязнаўчым музеі ўсяго адна шыльдачка вісіць. І гэта негледзячы на тое, што яго заснавальнік і першы
дырэктар Цодык Славін быў рэпрэсаваны, загінуў у ГУЛАГу. Таму экспазіцыя прысвечана ўсім рэпрэсаваным Бабруйшчыны — святарам, культурным дзеячам і простым грамадзянам, якія былі прынесеныя ў
ахвяру таталітарызму.
Вольга Піманава нагадвае, што менавіта ў Бабруйску з'явіўся першы на постсавецкай прасторы Музей ахвяр палітычных рэпрэсій, які стварала і ўзначальвала Ганна
Бакач, і які быў гвалтоўна зачынены ўладамі.
— Мы, атрымліваецца, пераемнікі Ганны Бакач. Адзначу, што адзін з сябраў Бабруйскай арганізацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, журналіст Анатоль Санаценка, вельмі дапамог
мне ў стварэнні экспазіцыі. На адкрыцці мы з ім раскажам гасцям пра рэпрэсаваных землякоў, пра музей падрабязней, — адзначыла актывістка.
Вольга Піманава дадае, што яе мэта — не толькі ўшанаваць памяць землякоў, але і нагадаць пра іх іншым.
— Чорныя старонкі гісторыі нельга забываць. Бо такое забытае мінулае нязменна вяртаецца. Буду рада, калі нехта адгукнецца, падзеліцца з нашым музеем матэрыяламі, бо адной мне давялося
цяжкавата, — кажа Вольга Піманава.
Адкрыццё адбудзецца 19 траўня, пачатак у 18.00, адрас: Кастрычніцкая-173 а, офіс АГП.
Паводле прэс-службы АГП