У Бабруйску высмейваюць рабочых, якія пратэставалі
На Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў з'явіўся плакат, якім адміністрацыя прадпрыемства адказала на галадоўку пратэсту сяброў заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага.
У ім у сатырычнай форме ў духу савецкага часопісу «Вожык» высмейвацца акцыя пратэсту і яе ўдзельнікі. Цэнтральнае месца ў плакаце адведзена салу, жуйцы і сімволіцы Свабоднага прафсаюзу.
Паводле працаўнікоў, плакаты развешаныя на прахадной і ў цэхах. Удзельнікі галадоўкі заяўляюць, што ля плакатаў не збіраюцца працоўныя і не абмяркоўваць іх. Адзін з галадоўнікаў Генадзь Лабачоў адзначае, што працоўныя не разумеюць, што хацела адміністрацыя прадпрыемства данесці працоўным такога роду нагляднай агітацыяй.
«Кажуць, што кіраўніцтву заводу няма відаць больш, што рабіць, чым траціць на плакаты грошы. Плакаты ж зробленыя каляровымі. Інфармацыйны аддзел, відаць, над імі папрацаваў. На нашы ж грошы нас і абплёўваць», — зазначае прафсаюзны актывіст.
Суразмоўнік прызнае, што плакаты зняважлівыя, а іхны сэнс зводзіцца да таго, што той, хто пратэставаў галадоўкай, вораг:
«Цяпер жа ўсе захварэлі на „фашызм і бандэраўшчыну“. І ўсе, хто не так думае, тых апранаюць у такую форму. Такі прыхаваны сэнс у плакатах прысутнічае», — даводзіць Генадзь Лабачоў.
Як заяўлялі актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага, галадоўка пратэсту на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў трывала тры дні. Праходзіла яна ў сакавіку. У ёй удзельнічалі 12 працоўных.
Удзельнікі акцыі пратэсту патрабавалі ад адміністрацыі спыніць пераслед працаўнікоў за прыналежнасць да Свабоднага прафсаюзу, пачаць перамовы з суполкай у справе выпрацоўкі і заключэння працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы.
Адміністрацыя прадпрыемства адмаўляла факт таго, што на заводзе працоўныя ля станкоў праводзяць галадоўку пратэсту. Па яе сканчэнні патрабаванні галадоўнікаў не былі выкананыя. Аднаго з удзельнікаў, сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага, Віктара Осіпава звольнілі па сканчэнні тэрміну дзеяння кантракту.