У Беларусі ўпершыню аштрафавалі за выкарыстанне пірацкай Windows

Падчас інспекцыі праваахоўных органаў у адной з мінскіх кампаній былі выяўлены факты выкарыстання пірацкіх копій Microsoft Windows і Microsoft Office.



winows7_19.jpg

Рашэннем суда Мінскага раёна на парушальніка аўтарскіх правоў Microsoft накладзены штраф, таксама аштрафаваны супрацоўнік, адказны за IT-інфраструктуру прадпрыемства, паведамляе onliner.by.

«Рашэнне суда Мінскага раёна аб накладанні штрафу ў памеры 40 базавых велічынь на групу кампаній «Родная сторона» і штрафу ў памеры 22 базавых велічынь на супрацоўніка, адказнага за IT-інфраструктуру прадпрыемства, беспрэцэдэнтнае», — заявіў палкоўнік Аляксандр Еўсюкоў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь.

«Гэта адміністрацыйная справа, дзе меў месца факт парушэння аўтарскіх правоў карпарацыі Microsoft, дае карпарацыі права на кампенсацыю страт і судовых выдаткаў, — тлумачыць Таццяна Ігнатоўская, юрыдычны прадстаўнік Microsoft у Беларусі. — У Беларусі няма крымінальнага пераследу юрыдычных асоб за падобныя парушэнні, але існуе крымінальная адказнасць для фізічных асоб за паўторны факт выкарыстання неліцэнзійнага праграмнага забеспячэння на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання».

Варта зазначыць, што ў лютым гэтага года «Родная сторона» падала дакументы аб банкруцтве.