У Крычаве назіральнікі ў апошні дзень датэрміновага галасавання налічылі менш прагаласаваўшых, чым камісіі

У Крычаве ў апошні дзень датэрміновага галасавання 10 кастрычніка на Сожавым выбарчым участку №4 незалежныя назіральнікі налічылі на 101 прагаласаваўшага менш, чым гэта было зафіксавана ў пратаколе ўчастковай выбарчай камісіі.



lichby_roznyja1.jpg

На Вакзальным участку №8 незалежная назіральніца Надзея Іванова налічыла на 25 прагаласаваўшых менш, чым гэта зафіксавалі члены ўчастковай выбарчай камісіі, хоць падчас галасавання назіральніца ні на хвіліну не пакідала выбарчы ўчастак.

Як адзначае незалежны назіральнік Сяргей Няроўны, на Сожавым участку №5 дадзеныя назіральнікаў і ўчастковай камісіі, і ў апошні дзень датэрміновага галасавання, і за ўвесь перыяд датэрміновага галасавання, супалі. 10-га кастрычніка тут прагаласавала 147 выбаршчыкаў, а за ўвесь перыяд датэрміновага галасавання 549 чалавек з агульнай колькасці ўнесеных у спісы 1560 выбаршчыкаў, што склала 35,2%.

Таксама на Сожавым выбарчым участку №4 назіральнікамі была зафіксавана спроба паўторнага галасавання з боку адной жанчыны. Гэта жанчына ў першы раз прагаласавала на гэтым выбарчым участку ў аўторак, 6 кастрычніка, а пасля спрабавала гэта зрабіць паўторна ў пятніцу 9 кастрычніка. Толькі пасля заўвагі незалежнага назіральніка члены ўчастковай выбарчай камісіі адмовіліся выдаваць ёй бюлетэнь для галасавання.

Па словах Сяргея Няроўнага, увесь перыяд датэрміновага галасавання ў Крычаве не спыняўся ціск з боку адміністрацыі практычна ва ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях горада на сваіх працаўнікоў, каб прымусіць іх прагаласаваць датэрмінова. Незалежны назіральнік адзначае, што людзям прапаноўвалі галасаваць датэрмінова не толькі самім, але заахвочваць да гэта членаў сваіх сямей. Асабліва такі ціск назіраўся ў бюджэтных установах.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”