Злосны парушальнік: журналіста "Новага часу" зноў выдалілі з участка

Палову дня ў суботу наш журналіст Арцём Лява правёў на выбарчым участку №33 Ленінскага раёна Мінска (Пляханава, 70). Ніякіх нараканняў у яго адрас у сябраў выбарчай камісіі не было. Але нечакана 11 кастрычніка а 8 гадзіне раніцы Арцёму нават не дазволілі зайсці ў памяшканне выбарчага участка.  



pratakol_uc_33_logo.jpg

Фота пратакола рашэння выбарчай камісіі участка № 33 Ленінскага раёна МІнска

Журналісту сказалі, што ён нібыта парушыў правілы паводзінаў на выбарчым участку, не хацеў займаць месца, якое б не перашкаджала працы камісіі і наогул паводзіў сябе груба і недапушчальна. Таму, камісія вырашыла правесці адмысловае пасяджэнне і прыняла рашэнне пра выдаленне журналіста "Ноага часу" з участка. Камісія так спяшалася, што нават дату і час у пратаколе не напісалі.

"Гэта проста нейкае бязмежжа, — пракаметаваў сітуацыю Арцём Лява. — Старшыня камісіі, Агулік Дзмітрый Мікалаевіч, накінуўся на мяне яшчэ да адкрыцця ўчастка. Заявіў, што ён мне не дазваляе прысутнічаць на яго тэрыторыі. Самае смешнае, што мы з ім і з яго камісіяй учора развіталіся вельмі культурна. Да мяне было стаўленне таксама вельмі добрае, мяне нават частавалаі гарбатай. І спадар Агулік нават дазваляў сябе фатаграфаваць. Магчыма, да іх дайшла інфармацыя, што я аднёс скаргу на дзеянні камісіі на участку №29 у ЦВК і прыклаў фота і аўдыё".

starshinja_kam_s_uch_33_logo.jpg

Агулік Дзмітрый Мікалаевіч, старшыня выбарчай камісіі, уч. №33 Ленінскага раёна (Пляханава, 70)

Нагадаем, у пятніцу Арцёма ўжо выдалялі з участка № 29. Журналіст збіраецца абскарджваваць дзеянні камісіі ў пракуратуры.

Заўважым таксама, што такія дзеянні выбарчых камісій парушаюць законныя правы журналістаў, якія паводле заканадаўства маюць права знаходзіцца на выбарчых участках і праводзіць фота- і відэаздымкі.