Чарговая акцыя апазіцыі ў Мінску

Гэта апошняя акцыя, якую апазіцыя праводзіць у межах выбарчай кампаніі. Арганізатары назвалі яе "шэсцем нацыянальнага сцяга".



akc9_151010_lmvz6_735x400.jpg

Збор удзельнікаў прызначаны на 17.00 на плошчы Свабоды, затым плануецца шэсце да плошчы Якуба Коласа. Арганізатары заклікалі людзей прыходзіць з нацыянальнымі сцягамі. 


16.40. Людзі пачынаюць збірацца на плошчы Свабоды. Першым з палітыкаў прыйшоў Уладзімір Някляеў — экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, лідар стваранага руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі".


16.54. Някляеў заявіў журналістам, што пасля выбараў Беларусь чакае самы складаны час за ўсё яе існаванне як незалежнай дзяржавы. "Усе ведаюць, што выбары па сутнасці ўжо адбыліся. Лукашэнка ўжо заявіў, колькі ў яго будзе галасоў. Пытанне ў тым, што мы будзем рабіць пасля. На жаль, нашы намаганні, каб людзі не пайшлі на выбарчыя ўчасткі, не ўвянчаліся поспехам, бо ўлада ўключыла адміністрацыйны рэсурс", — сказаў Някляеў. Паводле яго слоў, ёсць сотні сведчанняў таго, як студэнтаў і работнікаў дзяржпрадпрыемстваў запалохвалі адлічэннем і звальненнем, калі яны возьмуць удзел у пратэстных акцыях. "Лукашэнка стварыў прыватнае прадпрыемства з нашай краіны і кантралюе праз дзяржструктуры ўсё наша грамадства. Выбару ў людзей практычна не застаецца", — лічыць паэт і палітык.


На пытанне журналістаў, што будзе сёння, ён сказаў: "Калі вы хочаце ведаць, ці будзе "бітва на Нямізе", то ніякай бітвы не будзе, бо яна нікому не патрэбная — ні нам, ні ўладзе. Ніхто не ставіць мэтай стварыць канфліктную сітуацыю". Някляеў назваў хлуснёй заявы дзяржаўных прапагандыстаў, што радыкальная апазіцыя нібы мае намер справакаваць канфлікт, каб не пусціць Беларусь у Еўропу. Ён падкрэсліў, што дэмакратычная апазіцыя, наадварот, выступае за тое, каб адносіны Беларусі і Еўропы толькі паляпшаліся. "Але на сённяшні дзень гэта Лукашэнка адпраўляецца ў Еўропу. А мы застаёмся ў гэтым балоце", — лічыць Някляеў.


Ён таксама пракаментаваў інфармацыю аб тым, што ЕС мае намер ужо ў панядзелак прыпыніць санкцыі ў дачыненні да Беларусі: "Мы катэгарычна супраць рашэння ЕС зняць санкцыі. Гэта азначае забыцца, што Лукашэнка зрабіў за гэтыя гады, як быццам гэтага не было". На пытанне, ці плануецца нейкая акцыя на вечар 11 кастрычніка, Някляеў сказаў: "Планаваць нейкія акцыі можна толькі тады, калі ты сапраўды ведаеш тую сілу, якая на тваю акцыю прыйдзе. Грамадства запалохана вельмі моцна, першым чынам дзяржпрапагандай, якая палохала Украінай. У большасці людзей на плячах тэлевізар. Рэжым запалохаў грамадства настолькі, што вы самі бачыце, колькі на нашых акцыях народу. Выходзіць з такой колькасцю на плошчу — гэта падстаўляць людзей".


16.55. Выхады са станцыі метро "Кастрычніцкая" кантралююцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў у цывільным, іх таксама шмат на пляцоўцы каля ратушы. 


З'явіўся першы бел-чырвона-белы сцяг. Некаторыя ўдзельнікі трымаюць маленькія бел-чырвона-белыя сцяжкі, некаторыя прыйшлі ў бел-чырвона-белых шаліках.


17.05. Мікалай Статкевіч заявіў, што не трэба ісці галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах, "на іх няма дэмакратычных кандыдатаў, якія гатовыя змагацца за перамогу". Тое, што зараз адбываецца на плошчы Свабоды, Статкевіч назваў "маральнай акцыяй супраць страху". Паводле яго слоў, сюды прыйшлі ідэалісты. Пры гэтым палітык адзначыў: змяніць штосьці такімі акцыямі наўрад ці можна, калі да ўдзелу ў іх не заклікаюць кандыдаты ў прэзідэнты. "У Беларусі, на жаль, такіх кандыдатаў гэтым разам не знайшлося", — канстатаваў ён.


17.10. Статкевіч адкрыў мітынг, ён выказаў падзяку ўсім, хто прыйшоў на акцыю, "за мужнасць". "Кампанія ўжо прайграная, бо ўлада сфальсіфікавала нават выбарчы бюлетэнь, у якім няма ніводнага дэмакратычнага кандыдата", — сказаў ён.


Палітык паведаміў, што пасля кароткага мітынгу на плошчы Свабоды пачнецца шэсце. "Мы пройдзем па горадзе, каб людзі ўбачылі на нашым прыкладзе, што можна пераадолець страх", — сказаў Статкевіч.


17.12. Уладзімір Някляеў, выступаючы на мітынгу, заявіў, што "воля і свабода не прыходзяць да тых, хто да яе абыякавы". "Свабода дасягаецца намаганнямі нацыянальнага духу, рашучасцю і смеласцю народа. Без гэтага свабоды не бывае", — падкрэсліў палітык.


Паводле слоў Някляева, "беларускі рэжым з года ў год, з дня на дзень запалохвае людзей гэтай самай свабодай і дэмакратыяй, гаворыць, што ва Украіне толькі кроў і вайна". "Гэта самая вялікая хлусня, рабская філасофія тых, хто над намі ўладарыць", — сказаў палітык. Ён адзначыў, што ўкраінскі народ "сваёй воляй пачаў рух да дэмакратычнай Еўропы", а беларусы "заўсёды спазняліся ў руху да незалежнасці і дзяржаўнасці". 


"Але мы ніколі не спыняліся, мы прайшлі немалы шлях. І беларусы ўжо не звернуць са шляху свабоды, незалежнасці і дзяржаўнасці. І шэсце нацыянальнага сцяга — гэта яшчэ адзін адрэзак на доўгім шляху да нашай будучыні", — падагульніў Някляеў. 


17.14. Выбараў у Беларусі няма, але выбар ёсць, заявіў, выступаючы перад удзельнікамі акцыі, Анатоль Лябедзька. "У вас ён таксама ёсць. Вы маглі б быць цяпер на ўчастку, але вы знаходзіцеся на плошчы Свабоды, гэта ваш выбар", — сказаў старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі. Выбар Лукашэнкі, лічыць палітык, вядзе ў тупік, таму мы павінны выбраць іншы шлях. "За 20 гадоў мы не выбіралі ні дэпутатаў, ні прэзідэнта. Гэта ненармальна. Беларусь у ААН прадстаўляў 11-гадовы хлопчык. Гэта ненармальна. Пералік ненармальнасцяў можна працягнуць", — сказаў Лябедзька. Палітык адзначыў, што цяпер завяршаецца "месячнік свабоды". "Але мы не павінны спыняцца, вельмі важна захаваць тую прастору свабоды, якую мы адваявалі", — падкрэсліў партыйны лідар.


Лябедзька заявіў, што гатовы аддаць штрафы за правядзенне акцый на еўрапейскае турнэ сямейству Лукашэнкі. "Хай ездзяць, глядзяць. Магчыма, у галаве Мікалая штосьці зменіцца. У галаве Лукашэнкі — ужо наўрад ці", — лічыць палітык.


17.15. Пачалося шэсце на плошчу Якуба Коласа. У ім ўдзельнічаюць 300-350 чалавек. 


17.25. Удзельнікі шэсця падышлі да скрыжавання вуліцы Леніна і праспекта Незалежнасці і павярнулі ў бок цырка. Яны перыядычна скандуюць "Жыве Беларусь!" і "Незалежнасць!".


17.30. Калона дасягнула праспекта Незалежнасці і пачала рух у бок плошчы Якуба Коласа. Яна рухаецца па тратуары, не парушаючы правілы дарожнага руху. Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі ўдельнікаў акцыі праз мегафон, каб яны не парушалі правілы дарожнага руху.


17.40. Шэсце праходзіць мост над Свіслаччу, набліжаючыся да плошчы Перамогі. Паводле ацэнак журналістаў, у калоне больш за 800 чалавек.


17.55. Удзельнікі набліжаюцца да плошчы Якуба Коласа, скандуючы "Жыве Беларусь!". Паводле розных ацэнак, у шэсці ўдзельнічаюць ужо прыблізна тысяча чалавек. 


18.05. Галава калоны дайшла да плошчы Якуба Коласа. 

Пачаўся мітынг. Удзельнікі выкрыкваюць: "Жыве Беларусь!"

18.10. Мікалай Статкевіч, знаходзячыся на плошчы сярод удзельнікаў шэсця, праанансаваў наступную вулічную акцыю, якая пройдзе ў канцы лістапада і будзе прымеркаваная да рэферэндуму 1996 года. 

Мікалай Статкевіч адзначыў:  "У нашага народа скралі свабоду. Мы мусім яе вярнуць. Гэтым шэсцем мы завяршаем месячнік свабоды. Але хутка мы збяромся зноў, у гісторыі Беларусі — чорная дата, у канцы лістапада 1996 года на падробленым рэферэндуме Лукашэнка скраў нашую ўладу і свабоду. Яе трэба вярнуць. Дзякуй усім вам, што мы сёння разам! Жыве Беларусь!"

Што да сённяшняга "шэсця нацыянальнага сцяга", то, як адзначыў Статкевіч, сёння "Беларусь убачыла нашы сімвалы, нашы святыя сцягі, палітыя крывёй продкаў". "Мы пачынаем кампанію па вяртанні ўлады. У найбліжэйшыя месяцы Лукашэнка або зменіць законы і верне тое, што выкраў, або народ вырве сваё з яго зяпы", — сказаў палітык.

 
У сваю чаргу Анатоль Лябедзька заявіў, што "беларускаму народу важна перастаць баяцца і захаваць павагу да сябе". Палітык выказаў падзяку ўдзельнікам акцыі за тое, што яны прыйшлі на гэтую "прастору свабоды". 


Уладзімір Някляеў адзначыў, што сёння беларусы прайшлі "невялікую частку шляху да сапраўднай незалежнасці Беларусі". "Наперадзе вялікія выпрабаванні. Нам усім трэба зразумець, што наступныя гады пасля выбараў — вызначальныя для лёсу Беларусі. Ці мы даможамся сапраўднай незалежнасці, ці Беларусь знікне з карты свету", — сказаў экс-кандыдат у прэзідэнты.


18.15. Акцыя завершаная. Мікалай Статкевіч ацаніў яе станоўча. "Спадабалася дынаміка, энергетыка людзей. Мы паказалі Мінску і ўсёй Беларусі наш сцяг, паказалі, што хтосьці не баіцца. Гэта такая прышчэпка ад страху", — сказаў ён.


Ацэньваючы колькасць удзельнікаў мерапрыемства, Статкевіч заўважыў, што амаль пяць гадоў у Беларусі не праводзіліся акцыі, таму пасля такога перапынку — "колькасць нармальная". Ён дадаў, што гэта самая масавая акцыя з усіх, што прайшлі за апошні месяц. 


Статкевіч ацаніў лік удзельнікаў да тысячы чалавек, пры тым што Лябедзька заявіў пра "некалькі тысяч". Каментуючы звесткі назіральнікаў, якія налічылі прыкладна 800 удзельнікаў, Статкевіч адзначыў: "Яны заўсёды так лічаць, ім яшчэ тут жыць". Паводле ацэнак журналістаў, у акцыі ўзялі ўдзел да паўтары тысячы чалавек. 


18.25. Каментуючы вынікі акцыі, Анатоль Лябедзька заявіў, што "пачынаецца вялікае". "Гэта самая вялікая акцыя. Гэтулькі людзей падчас цяперашняй кампаніі не здолеў сабраць ніводны кандыдат, нават Лукашэнка", — сказаў ён. Лябедзька не выключае, што пасля выбараў могуць "як закручвацца гайкі, так і пашырацца прастора свабоды". Гэта звязанае з тым, што Лукашэнка востра мае патрэбу ў крэдытах, адзначыў палітык. Паводле яго слоў, адпаведная пазіцыя еўрапейскіх краін і актыўнасць дэмакратычнай супольнасці Беларусі могуць прымусіць Лукашэнку пайсці на пашырэнне прасторы свабоды.


У сваю чаргу Мікалай Статкевіч заявіў, што не бачыць сэнсу арганізоўваць акцыю пратэсту пасля выбараў 11 кастрычніка. "Сёння няма кандыдата, за якога варта б выходзіць на плошчу. Няма надзеі, што можна прымусіць Лукашэнку ісці на саступкі", — сказаў ён.

Шэсце скончылася малітвай за Беларусь. Усім прапанавалі ўзяцца за рукі і прачытаць малітву, бо без малітвы і без Бога няма будучыні. Гучыць «Ойча наш».

Шэсце завершана, але людзі пакуль не разыходзяцца. Заклікаў прыгодзіць на заўтра на Плошчу ад арганізатараў не прагучала. 

Паводле belapan.bywww.racyja.com