У Магілёве пашкодзілі бюст Тараса Шаўчэнкі

Пра акт вандалізму ў грамадзкім аб’яднанні ўкраінцаў гораду «Дніпро» ведаюць. Зламыснікі невядомыя і нявыкрытыя, кажуць там. 



pomnik_mahiliou.jpg

Помніктарасу Шаўчэнку. Напачатку студзеня надпіс яшчэ быў
Між тым яшчэ год таму неабыякавыя да лёсу ўкраінцаў магілёўцы клалі кветкі да бюста, запальвалі ля яго знічкі. Цяпер жа ля помніка гола і коўзка. І адсутнічае надпіс на пастаменце.
Кіраўнік культурна-асветніцкага аб’яднання «Дніпро» Генадзь Гузій кажа, што надпіс з пастаменту бюста знік на мінулым тыдні — паміж 19 і 22 студзеня. Пашкоджанне зафіксавана на фота. Напісаная заява ў міліцыю. Сёння пра акт вандалізму спадар Гузій паінфармуе мясцовую ўладу.
Карэспандэнт Свабоды пабачыў пашкоджаны бюст Шаўчэнкі 25 студзеня, калі наведаўся да яго, каб пагутарыць з мінакамі пра Украіну.
«Гэта справа рук тых хто не хоча, каб Украіна ішла сваім уласным шляхам»,— катэгарычна выказаўся пра пашкоджанне помніка адзін з мінакоў:
«Яны робяць усё, каб негатыў у жыхароў Беларусі такім чынам ствараўся да нашых братоў украінцаў»,— пракамэнтаваў вандалізм мужчына.
Ён лічыць, што ва Украіне ідзе сапраўдная вайна. Адкрыта ўстрымліваецца казаць хто яе развязаў, пры гэтым паказвае на ўсход:
«Так, вядома ж, вайна не справядлівая. Народ Украіны хоча цэласнасці, хоча адзінства і ён гэтага будзе дамагацца. Людзі там адэкватныя. Абраны шлях на самавызначэнне ў Еўрасаюз — гэта іхнае права. Дзеля гэтага ў іх быў Майдан».
Яшчэ адзін суразмоўнік даводзіць, што ва Украіне не аднойчы бываў. За прамінулы год так і не звыкся з тым, што там адбываецца. Лічыць, што ў Беларусі неаб’ектыўна асвятляюцца падзеі ў суседняй краіне.
«У нас жа тут падаюць звесткі з аднаго боку — расійскія сродкі масавай інфармацыі. Дужа цяжка разабрацца тут у тым, хто супраць каго ваюе»,— тлумачыць мужчына.
«Я Кіеў падтрымліваю ў тым, што Украіна павінна быць цэласнай. Дзяліцца ёй нельга. Сутыкненні там, відаць, ёсць расійскамоўных з украінцамі, але я не лічу гэта нагодай для вайны. Украіна добрая краіна з добрымі людзьмі. Культура там старажытная».
Некаторыя з мінакоў выказваліся агрэсіўна і варожа на адрас украінцаў. Заяўлялі, што ў Магілёве не павінна быць помнікаў украінцам:
«Знесці яго зусім, — абураецца адзін з такіх. — Мы ж тут як расіяне. А яны што там твораць. А тут іхныя помнікі стаяць. Яны ж там Бэндэраў услаўляюць. Дык давайце тады паставім тут помнік Бэндэру. Яны там нашых усіх расіянаў і беларусаў душаць. Знесці яго».
«Мне не падабаецца, што яны ўціскаюць расійскамоўную нацыю. Не дазваляюць ім выказваць сваё меркаванне як жыць. Наваросіі — Харкаву, Запарожжу, Днепрапятроўшчыне, Нікалаеву, Херсону — трэба аўтаномію даваць, каб яны жылі паводле сваіх законаў».
Гэты суразмоўца на пытанні адказваў на беларускай мове. З тым, што ўкраінская і беларуская — найбліжэйшыя мовы мужчына пагадзіўся без пярэчанняў.
Тарас Шаўчэнка адыграў гэткую ж ролю ва ўкраінскай культуры, як Колас і Купала ў беларускай, выказваецца малады хлопец, адольваючы шпаркай хадой зледзянелую сцежку па ўзбярэжжы Дняпра. Пра ўкраінскую дзяржаўнасць кажа, што яна фармавалася ў тых жа ўмовах, што і беларуская,— у Расійскай імперыі. Цяпер Украіна ідзе сваім шляхам, адзначае суразмоўца:
«Тое, што там адбываецца цяпер, мне не падабаецца катэгарычна. Унутраныя праблемы краіны — гэта выключна ўнутраныя праблемы. Я лічу, што там агрэсія замежная — расійская», — заяўляе ён. На ягоную думку, «не можа апалчэнне народнае ездзіць на танках Т-90, даставаць з падвалаў найноўшую абмундзіроўку і гару снарадаў».
«Калі пераносіць гэткі жа сцэнар на нашу краіну, то я не хацеў бы, каб замежныя дзяржавы ўмешваліся ў нашы ўнутраныя праблемы»,— робіць выснову суразмоўца.
Бюст Тараса Шаўчэнкі ўсталявалі ў Магілёўскім Задняпроўі ў 2005 годзе з ініцыятывы мясцовай украінскай дыяспары. Ён стаіць на беразе Дняпра. Украінскі класік нібы назірае з берагу, як рака бяжыць ў бок Украіны. Непадалёк ад бюста Пушкінскі праспект. яго гістарычная назва — вуліца Нова-Чарнігаўская.
svaboda.org