У Магілёве — разгляд скаргі палітвязня Мікалая Дзядка

У Магілёўскім абласным судзе сёння ў 10-00 пачнецца разгляд касацыйнай скаргі палітзняволенага Мікалая Дзядка, якому 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва працягнуў тэрмін зняволення ў турме на 1 год і 3 дні.



dziadok_2.jpg

Дзядку інкрымінавалі 16 парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення, асноўным з якіх з'яўляецца нашэнне замест турэмнай робы спартыўнага касцюма. 

За разглядам скаргі палітвязня ў Магілёве будуць сачыць намеснік старшыні Правабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч і сябра рады арганізацыі Уладзімір Лабковіч, які пазней пракаментуюць рашэнне калегіі Магілёўскага абласнога суда.

Напярэдадні суду Валянцін Стэфановіч паведаміў  карэспандэнту Радыё “Свабода”, што «песімістычна настроены на заўтрашні судовы працэс».

«Я нічога не чакаю. Мяркуючы па апошніх тэндэнцыях, якія мы назіраем менавіта ў пытанні палітвязняў, я песімістычна настроены на заўтрашні судовы працэс. Я ня думаю, што касацыйная скарга Дзядка будзе задаволеная. Мы, дарэчы, атрымалі адказ на зварот у Палату прадстаўнікоў з патрабаваннем дэкрыміналізаваць 411 артыкул. Яны ж адказалі, што ня бачаць такой неабходнасці дэкрыміналізацыі, спаслаўшыся на тое, што такі артыкул ёсць у заканадаўстве Узбекістану і Казахстану. Гэта, канечне, для нас не ёсць нейкім прыкладам. Таму я не спадзяюся, што прысуд будзе адменены. Бо тое, што адбываецца са Статкевічам, новая крымінальная справа Рубцова, які ўжо скончыў знаёмства з матэрыяламі справы і чакае прызначэння даты суду, адмова ў памілаванні Пракапенкі — усё гэта сведчыць пра тое, што нашы ўлады не жадаюць вызваляць палітвязняў. І ісці такім чынам на нейкія саступкі Еўразвязу. Я думаю, што прынамсі да выбараў гэтая сітуацыя захаваецца. Як будзе далей — невядома».

22 студзеня Міжнародная федэрацыя за правы чалавека ( FIDH ), РПГА  “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і  Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступілі з сумеснай заявай з патрабаваннем спынення крымінальнага пераследу палітвязня Мікалая Дзядка і ягонага вызвалення.

Мікалай Дзядок – узяты пад варту з 3 верасня 2010 г., асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Заводскага раёна г.Менску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэннем суду ад 5 снежня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва. У лістападзе 2014 года на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу па 411-м артыкуле КК РБ за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволення на 1 год і 3 дні.


spring96.org