Новы суд над Мікалаем Статкевічам адбудзецца 4 мая

Суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам пройдзе 4 мая, з прысутнасцю адваката і самога Мікалая Статкевіча. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.



stat_viaz.jpg

«Мікалай падаў заяву на адваката адразу ж, як толькі стала вядома аб тым, што справу перадаюць у суд. Адвакат у сваю чаргу таксама падаў дзве спецыяльных заявы аб удзеле ў судовым працэсе. І раптам сёння, 28 красавіка высвятляецца, што суд збіраліся правесці сёння, нікога пра гэта не папярэдзіўшы. Я пакуль гэтага не хачу каментаваць, але добра, што ўсё ж такі суд перанеслі на 4 мая з улікам нашых просьбаў. Я не ведаю, што магло адбыцца — ці ў злой волі справа, ці ў адміністрацыі памяняліся планы, ці гэта звычайнае разгільдзяйства і галавацяпства», — сказала Адамовіч сайту charter97.org.

Па яе словах, мінулы суд, які адбыўся ў 2012 годзе, паводле запісу ў судовым рашэнні быў «адкрытым». «Так што, па фармальных прыкметах ён павінен быць адкрытым, а як будзе на самой справе — ніхто не ведае. Натуральна, я буду спрабаваць патрапіць на суд. Бо ў Мікалая Дзядка быў прэцэдэнт, калі родныя да яго на суд патрапілі. Тым больш, у нас з Мікалаем не было спаткання, так можа я хаця б ўбачу яго на судзе», — кажа Адамовіч.

Нагадаем, нядаўна стала вядома аб тым, што Мікалаю Статкевічу пагражае новы тэрмін. Цяпер ён утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, дзе няма дзённага святла, а на шпацыр адводзіцца паўгадзіны ў дзень.

Пра тое, што адміністрацыя калоніі ўзмацніла ціск на апазіцыйнага палітыка, стала вядома ў пачатку красавіка, калі толькі за адзін тыдзень на яго склалі восем актаў нібыта за парушэнне рэжыму. Палітвязень быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання з жонкай, якое ў іх планавалася ў гэтым месяцы і прадуктовай перадачы, правёў трое сутак у штрафным ізалятары, а 3 красавіка яго перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У маі 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму № 4 на тры гады. Па заканчэнні гэтага тэрміну, 12 студзеня бягучага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.