Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч трапіла ў сур’ёўзную аўтааварыю (фота)
«Здарэнне адбылося на дарозе Шклоў—Бялынічы, на павароце на Цяцерына», — расказаў «Нашай Ніве» адвакат Мікалая Статкевіча Аляксандр Галіеў, якога жонка вазіла ў калонію на сустрэчу з вязнем.
Машына Марыны Адамовіч пасля аварыі
Жонка Адамовіча ехала па галоўнай дарозе на сваім «Сітраене С4». Джып «Гран Чэрокі» выехаў справа з другаснай дарогі перад самай машынай Адамовіч.
Яна ехала на хуткасці 90 кіламетраў за гадзіну, да джыпа было метраў 20, кажа Аляксандр Галіеў. Сутыкненне адбылося на паласе руху машыны Адамовіч, ёсць сведкі.
Сын Марыны Адамовіч Юрась, між тым, напісаў у Фэйсбуку, што сутыкненне было лабавым.
Джып «Гран Чэрокі» сутыкнуўся з машынай жонкі Статкевіча, калі яна вярталася з калоніі. У «Гран Чэрокі» за рулём быў малады хлопец. Акрамя яго, у аўтамабілі знаходзіўся яшчэ адзін мужчына. Адамовіч і кіроўца джыпа былі дастаўленыя ў Круглянскую бальніцу. Адамовіч і Аляксандра Галіева выратавалі спрацаваўшыя падушкі бяспекі. Пагрозы жыццю Адамовіч няма, таму дактары дазволілі сыну перавецці Марыну Адамовіч з Круглянскай бальніцы ў Мінск.
«Наконт канспіралагічных тэорый… Наўрад ці…» — кажа адвакат. «Потым прыехаў бацька кіроўцы — выпіўшы. У яго 5-гадовая дачка загінула на пажары, расказваў ён», — дадаў Галіеў.
Адамовіч і Галіеў вярталіся з калоніі, дзе адвакат сустракаўся з Мікалаем Статкевічам. Гаворка ішла пра новы суд над палітвязнем, прызначаны на 4 мая.
«Стан Марыны Адамовіч больш-менш нармальны, магчымыя некалькі пераломаў, — паведаміў яе сын Юрась Адамовіч, — Зразумела, адчувае сябе не надта добра, цяпер пад кропельніцай».
Машына Марыны Адамовіч разбітая цалкам.