У Мінску адмянілі часавыя абмежаванні на продаж алкаголю

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі ў вачах усяго прагрэсіўнага чалавецтва зараз будзе выглядаць галоўным алкаголікам краіны.



domoracki.jpg

Андрэй Дамарацкі

Па ягоным даручэнні было знятае галоўнае антыалкагольнае дасягненне Мінска — забарона на продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва з 22 да 9 гадзінаў.

«Учора ўжо тры раёны — Заводскі, Партызанскі і Першамайскі — адмянілі абмежаванні. Сёння ўсе раёны прадставяць мне такія рашэнні, — каментуе начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава. — Таму з сённяшняга дня ўсе крамы будуць рэалізоўваць алкагольную прадукцыю на працягу ўсяго рэжыму працы». Гэта значыць, калі крама працуе да 23.00 або 2.00, то продаж дазволены да самага закрыцця. Гэта ж тычыцца ранішняй рэалізацыі: з таго моманту, калі гандлёвая кропка адкрываецца, яна мае права прадаваць алкаголь.

Абмежаванне «з 22 да 9» пратрымалася два месяцы і дзесяць дзён. Між тым, адзначаецца, што рашэнне пра зняцце гэтага абмежавання прынята «ў працяг нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі».