У Мінску таемна дамаўляліся абмяняць Сянцова на «байцоў ДРУ»

Украінскага рэжысёра Алега Сянцова і актывіста Аляксандра Кольчанку, асуджаных у Расіі, прапаноўвалі абмяняць на расіян Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ярафеева.



55f3fc6598880_sentsov_kolchenko.jpg

Пра гэта ў  эфіры hromadske.tv распавёў кіраўнік украінскага Цэнтра вызвалення палонных «Афіцэрскі корпус» Уладзімір Рубан.

Па словах Рубана, ініцыятыва зыходзіла менавіта ад перамоўшчыкаў з Расіі, а не з самаабвешчаных рэспублік. Перамовы, па яго словах, былі неафіцыйнымі і праходзілі ў Мінску на мінулым тыдні.

«Я не назаву крыніцу, не назаву бок, з якой мы абмяркоўвалі. Па іх просьбе. Гэта прадстаўнікі Расіі, а не Данецка. Сустрэча была прапанаваная ў Мінску, мы ахвотна пагадзіліся. Але паколькі размова была сур'ёзнай, выехала група перамоўшчыкаў, якія і сачылі за ўсім ходам перамоваў. Не ў фармаце мінскіх сустрэч і трохбаковай кантактнай групы. Скажам так, гэта людзі, якія "працуюць на зямлі", гэта не высокія палітыкі. Людзі, якія ўмеюць дамаўляцца, ўмеюць працаваць і ўмеюць здзяйсняць абмены», — распавёў Рубан.

Ён сцвярджае, што цяпер рашэнне за Кіевам, аднак улады Украіны зацягваюць з яго прыняццем.

У канцы жніўня ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова ў Расіі асудзілі да 20 гадоў строгага рэжыму, Аляксандру Кольчанку далі дзесяць гадоў строгага рэжыму. Следства лічыць, што Алег Сянцоў разам з саўдзельнікамі спрабаваў зладзіць тэракты ў Крыме пасля далучэння паўвострава да Расіі.

Сяржант Аляксандр Аляксандраў і капітан Яўген Ерафееў былі затрыманыя пасля перастрэлкі з украінскімі вайскоўцамі каля горада Шчасце ў Луганскай вобласці Украіны 16 траўня. На допыце яны назвалі сябе дзеючымі вайскоўцамі 3-й асобнай гвардзейскай брыгады спецназу ў Тальяці. Расійскі бок называе іх былымі вайскоўцамі.