У нас пакуль лепш, чым у Чачні

У краіне з апошніх дзён снежня працуе місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

У краіне з апошніх дзён снежня працуе місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
Стварыць камітэт вырашыла кааліцыя з некалькіх дзясяткаў няўрадавых арганізацый краін АБСЕ 27 снежня 2010 года. Камітэт займаецца маніторынгам і кантролем за сітуацыяй з выкананнем фундаментальных правоў чалавека, сітуацыяй з праваабаронцамі і СМІ. На працягу сваё працы ўдзельнікі місіі мусяць выпрацаваць рэкамендацыі для нацыянальных органаў улады і наднацыянальных структур па нармалізацыі сітуацыі ў краіне і прывядзенні яе ў строгую адпаведнасць з унутранымі нормамі і міжнароднымі абавязальніцтвамі, узятымі на сябе ўрадам Беларусі. Місія не ацэньвае вынікі выбараў прэзідэнта і ход іх правядзення.
«Прыцягваюць увагу факты масавага парушэння правоў людзей падчас іх затрымання і адбыцця імі адміністрацыйных пакаранняў. Нашы калегі з Беларусі сабралі мноства адпаведных фактаў, таму можна гаварыць пра масавыя парушэнні. І калі ў краіне не было ўведзена надзвычайнае становішча, то ўсе затрыманні і арышты мусілі праводзіцца ў межах Працэсуальнага кодэкса, — сказаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску сябра місіі, Савета пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па спрыянні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека, Экспертнага Савета пры Нацыянальным упаўнаважаным па правах чалавека (Амбудсмане) Расійскай Федэрацыі Сяргей Крывенка. — З’явіліся факты пераследу за ўдзел у мітынгу: адлічэнні студэнтаў, урачоў, што працуюць па размеркаванню звальняюць за прагулы пасля адміністрацыйнага арышту. Ёсць перашкоды для працы адвакатаў. Міжнародная супольнасць не можа прайсці міма гэтых фактаў».
Сяргей Крывенка заявіў, што пастараецца ўсю сабраную інфармацыю па Беларусі перадаць у Савет пры прэзідэнце Расіі па спрыянні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека, а таксама данесці да расійскіх сродкаў масавай інфармацыі.
Кіраўнік доўгатэрміновай Міжнароднай назіральнай місіі Андрэй Юраў, які таксама з’яўляецца сябрам шэрагу афіцыйных міжнародных арганізацый, заявіў, што ў працы місіі не ўдзельнічаюць беларускія праваабаронцы, каб была мажлівасць захаваць нейтралітэт, а таксама каб пакінуць шанцы на сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады.
«Мы гатовыя сустрэцца і паслухаць іх меркаванні», — зазначыў Юраў. Місія ўжо распаўсюдзіла дзве заявы, датычныя фактаў, што затрыманым — гаворка найперш пра кандыдатаў, журналістаў, што цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ, — рэгулярна не аказваецца медыцынская дапамога, што па міжнародных стандартах прыраўноўваюцца да катаванняў; хвалі вобшукаў у праваабаронцаў, ціску на адвакацкую супольнасць, а таксама ў сувязі з закрыццём офіса АБСЕ.
«Мы прапанавалі ініцыяваць маскоўскі механізм: калі адбываюцца нейкія падзеі, што выклікаюць агульную занепакоенасць, то можа быць накіраваная назіральная місія АБСЕ. Нам важна, каб іншыя міжнародныя структуры стварылі адэкватны інструмент маніторынгу і ўплыву на беларускую сітуацыю», — сказаў Андрэй Юраў.
Параўноўваючы сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і Расіі, праваабаронцы зазначылі, што «Расія яшчэ да такога не дайшла, за выключэннем рэгіёна Чачні». «Але гаварыць, што ў Расіі сітуацыя з правамі чалавека лепшая, чым у Беларусі, няправільна. Бо на еўрапейскай частцы Расіі, на Урале гэта больш прыстойна, але ў той жа Чачні ў сотню разоў горш», — падкрэсліў Андрэй Юраў.