У Нобелеўскім музеі ўжо ёсць стэнд пра Святлану Алексіевіч (фота)
У Стакгольме ў Нобелеўскім музеі зрабілі інсталяцыю, прысвечаную сёлетнім лаўрэатам прэміі. Ёсць стэнд і пра беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч, якой прысудзілі Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Фота: naviny.by
Інсталяцыя ўсталяваная на ўваходзе ў музей, адразу за стойкай рэгістрацыі. У цэнтры — гіганцкі медаль з выявай
Нобеля, умантаваны ў падлогу. Далей — некалькі экранаў з партрэтамі лаўрэатаў за 2015 год ды іх кароткай біяграфіяй. З адваротнага
боку дэманструюць кароткія ролікі і дакументальныя рэпартажы пра лаўрэатаў, фрагменты інтэрвію з імі на розных мовах, піша Беларускі партызан.

На стэндзе пад партрэтам Алексіевіч напісана на шведскай і англійскай мовах: «Нобелеўскую прэмію па літаратуры за 2015 год атрымала беларускі аўтар Святлана Алексіевіч за "паліфанічны стыль пісьма, помнік пакутам і мужнасці ў нашы дні".

У музеі можна паглядзець рэпартажы пра Алексіевіч на шведскай і англійскай мовах, ёсць фрагменты яе інтэрвію, першая прэс-канфэрэнцыя, якую яна дала ў Мінску пасля паведамлення аб прысуджэнні ёй Нобелеўскай прэміі.
У краме музею няма пакуль твораў Алексіевіч. Можна купіць толькі літаратурны зборнік на шведскай мове, у якім ёсць і тэкст Святланы Алексіевіч.

Mузей быў адкрыты ў 2001 годзе — ён размяшчаецца ў будынку Стакгольму 18 стагоддзя, недалёк ад Каралеўскага палаца
ў старым горадзе. Пачынае працаваць музей у 11 гадзін раніцы.
Фота: "Беларускі партызан"