Удаву Андрэя Зельцэра і яшчэ чатырох чалавек прызналі палітвязнямі
Удаву Андрэя Зельцэра, Марыю Успенскую,затрымалі 28 верасня пасля перастрэлкі ў кватэры, падчас якой загінулі яе муж і адзін супрацоўнік КДБ. Сёння яе прызналі палітзняволенай, піша «Свабода».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Цяпер Успенскую трымаюць за кратамі. У мінулым месяцы стала вядома, што яе перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Марыю Успенскую падазраюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. Ёй пагражае да 25 гадоў. Яна была ў сваёй кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Мінску разам з мужам 28 верасня ў той час, калі туды спрабавалі ўламіцца супрацоўнікі КДБ. Андрэй Зельцэр застрэліў аднаго з сілавікоў, жонка здымала ўсё на відэа.
Разам з ёй 29 лістапада яшчэ чатыры чалавекі атрымалі статус палітвязняў: гэта Сяргей Іваноў, Яўген Коржаль, Цімафей Мажанкоў і Аляксей Ігнаценка, паведамляе «Вясна». Цяпер у Беларусі агулам 891 палітзняволены.