Анжаліцы Борыс патрэбная медыцынская дапамога ў турме. У яе пагаршаецца здароўе

У старшыні «Саюза палякаў у Беларусі» Анжалікі Борыс у жодзінскім СІЗА пагаршаецца стан здароўя.

Анжаліка Борыс. Фота: facebook.com

Анжаліка Борыс. Фота: facebook.com


«Саюз палякаў у Беларусі» паведамляе, што Анжаліка Борыс выглядае вельмі нездарова і мае патрэбу ў тэрміновым аглядзе лекара з выкарыстаннем ультрагукавога абсталявання. Таксама ёй трэба правесці шэраг іншых абследаванняў.
Вядома, што Борыс пакутуе на цяжкую хваробу страўнікава-кішачнага тракту і пячонкі.
«З апісанняў знешняга выгляду Анжалікі Борыс відаць, што яна выглядае вельмі змучанай, у яе зямліста-жоўты колер скуры, што можа казаць пра хваробу пячонкі. Таксама ў яе інтэнсіўна выпадаюць валасы», — паведамляюць у «Саюзе палякаў у Беларусі».
Інэса Тодрык-Пісальнік, блізкая знаёмая Анжалікі, якую таксама затрымлівалі ў красавіку, успамінае, што яшчэ да арышту ў Борыс былі частыя галаўныя болі і болі ў жываце, а ў стрэсавых сітуацыях у яе выпадалі валасы.
Без медыцынскіх абследаванняў нельга сказаць, ці абвастрыліся наяўныя хваробы, ці гэта сімптомы новай хваробы.
З прычыны санітарных умоў у камерах аслаблены арганізм Анжалікі Борыс мог падхапіць новую хваробу.
Найбліжэйшыя паплечнікі Анжалікі Борыс, якіх непакоіць пагаршэнне здароўя калегі, просяць палітыкаў і бізнесменаў, якія маюць сувязі з уладамі Беларусі, выкарыстаць свае кантакты, каб аказаць Анжаліцы Борыс прафесійную медыцынскую дапамогу.
Старшыню «Саюзу палякаў у Беларусі» Анжаліку Борыс і сябра арганізацыі Анджэя Пачобута затрымалі ў межах «справы палякаў» на Дзень волі — 25 сакавіка. Іх абвінавацілі ў «распальванні варожасці» (арт. 130 КК РБ) за публікацыі і папулярызацыю ведаў пра польскае антыкамуністычнае падполле на Гродзеншчыне.
На мінулым тыдні, 25 лістапада, ім працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы, да 25 лютага 2022 года. Абодвум пагражае да 12 гадоў турмы. Беларускія праваабаронцы прызналі Борыс і Пачобута палітвязнямі.