Украіне прапануюць абмежаваць уезд беларускім спартыўным чыноўнікам

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці падаў у Службу бяспекі Украіны спіс беларускіх спартыўных чыноўнікаў, якім прапануе абмежаваць уезд ва Украіну. У санкцыйны спіс трапіў міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук і яго намеснікі: Міхаіл Кравец, Аляксандр Барауля, Вячаслаў Дурноў, а таксама яшчэ цэлы шэраг спартыўных чыноўнікаў.

79e1bf98f3e2e42dc842f.jpg

Прыводзім у скарачэнні ліст БФСС у СБУ.
«20 лістапада 2020 Украіна далучылася да санкцый Еўрапейскага Саюза, накладзеных на беларускіх вышэйшых службовых асоб. Карыстаючыся выпадкам, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці выказвае падзяку ўкраінскай уладзе за прынятыя меры і падзяляе надзею на мірнае ўрэгуляванне палітычнага крызісу ў Беларусі.
На жаль, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці павінен падкрэсліць, што сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека ўсё яшчэ працягваюцца. Пры гэтым беларускія спартсмены таксама падвяргаюцца дыскрымінацыі і рэпрэсіўным мерам за наяўнасць і выказванне ўласнай думкі. Тым, хто асуджае гвалт, аказвае супраціў прыгнёту і адмаўляецца маўчаць, пагражаюць, звальняюць, затрымліваюць, выключаюць са складу нацыянальных зборных каманд, пазбаўляюць магчымасці трэніравацца і атрымліваць стыпендыі.
[...]
Улічваючы вышэйсказанае, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці дадае да гэтага ліста на разгляд шаноўным прадстаўнікам Вярхоўнай Рады Украіны, Кабінета міністраў Украіны і Службы бяспекі Украіны падрабязны спіс беларускіх службовых асоб у сферы спорту, якія сур'ёзна парушаюць правы чалавека беларускіх спартсменаў, трэнераў і спартыўных спецыялістаў.
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці пераканаўча просіць Вярхоўную раду Украіны, Кабінет міністраў Украіны і Службу бяспекі Украіны падтрымаць дадзены спіс і накіраваць яго ў Раду нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны з мэтай унясення названых беларускіх службовых асоб у сферы спорту ў санкцыйны спіс Украіны адносна суб'ектаў рэжыму Беларусі за падрыў дэмакратыі», — гаворыцца ў тэксце ліста.