Улады адмовіліся будаваць шашу праз месца сталінскіх рэпрэсій у Оршы

Днямі ў Оршы быў прэзентаваны генеральны план забудовы горада. З дакумента вынікае, што мясцовым актывістам удалося дамагчыся адмены будаўніцтва дарогі праз урочышча Кабыляцкая гара — месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. 

Першы намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі (злева) ля Кабыляцкага камня восенню 2019 года

Першы намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі (злева) ля Кабыляцкага камня восенню 2019 года

Нядаўна стала вядома, што Аршанскі выканкам распрацаваў генеральны план Оршы. На картах генплана ўчасткі ў раёне Кабыляцкай гары і Магілёўскай шашы пазначаныя, як «тэрыторыя меркаваных месцаў масавых пахаванняў ахвяр рэпрэсій 1930-х гадоў».
«Дзякуючы дзеянням актывістаў партый БСДП, АГП і іншых рухаў, якія падалі свае прапановы падчас грамадских абмяркаванняў, улады ўнеслі змяненні ў новы Генеральны план Оршы. На новым Генплане пазначаны месцы масавых забойстваў і пахаванняў нявінных ахвяраў сталінскага тэрору 1930 -1940-х гадоў – Кабыляцкае ўрочышча і лес каля Магілеўскай шашы. З плану прыбралі правядзенне дарогі, якая раней была запланавана праз Кабыляцкі лес і пахаванні ахвяраў, і супраць якой выступілі актывісты. Дарогу катэгорыі А, якую запраектавалі па ўскраіне лесу каля Магілеўскай шашы, на жаль, улады ў плане пакінулі», — паведамляе сайт kobylaki.by са спасылкай на аршанскага актывіста Віктара Міхасёва.
Цяпер змены ў Генплан праходзяць этап грамадскага абмеркавання.
Разам з тым паведамляецца, што ў Харкаўскім лесе, на месцы масавых забойстваў каля Магілеўскай шашы, вандалы зламалі крыж у памяць пра ахвяр рэпрэсій, які прастаяў крыху больш за год.
Кабыляцкая гара — адно з месцаў сталінскіх рэпрэсій пад Оршай і другое афіцыйна прызнанае ў Беларусі (пасля Курапатаў). Яшчэ ў 1982 годзе падчас будаўніцтва чыгункі ва ўрочышчы былі знойдзены рэшткі 50 расстраляных. Згодна з ацэнкамі даследчыкаў, тут расстраляныя ад 300 да 5000 чалавек. На пачатку 90-х мясцовыя ўлады ўсталявалі на месцы расстрэлаў памятны знак у выглядзе вялізнага гранітнага валуна з шыльдай.


У 2017 годзе нашчадак рэпрэсаваных Ігар Станкевіч прапанаваў іншым сваякам ахвяр рэпрэсій не чакаць падарункаў ад улады, а пачаць самастойна ствараць мемарыял, ставячы ў Кабыляках крыжы, помнікі, мацуючы памятныя шыльды. І за два гады расстрэльны лес пераўтварыўся ў месца памяці. Пазалетась мясцовыя актывісты дамагліся ад Аршанскага выканкаму ўсталявання на Кабыляцкім камні памятнай шыльды з надпісам «Месца памяці і смутку» на чатырох мовах: беларускай, рускай, ідыш і… англійскай. Хаця замест апошняй павінна была быць польская.