КХП-БНФ абскарджвае прысуды па «Дзядах» і мітынгах у абарону незалежнасці
Пра гэта паведамляе інфармацыйная камісія Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ
Адбыўся суд у справе «Дзядоў-2019»
21 лютага адбылося пасяджэнне Гарадзкога суда Мінска па касацыйнай скарзе Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі на ранейшы прысуд раённага суду ў справе правядзення мемарыяльных мерапрыемстваў у Курапатах на Дзяды ў 2019 годзе. КХП-БНФ абскарджвае патрабаванне ўладаў аб аплаце «паслуг міліцыі па ахове грамадзкага парадку» падчас некамерцыйнага мемарыяльнага мерапрыемства.
Пасяджэнне працягвалася недоўга. Суддзя заслухаў прадстаўніка КХП-БНФ Юрася Беленькага, які зачытаў тлумачэнні аб незаконнасці патрабаванняў аплаты і прысуду. Потым выйшаў на 15 хвілін. А, вярнуўшыся, зачытаў пастанову: пакінуць у сіле прысуд раённага суду. Прысутныя ў залі патрыёты гукалі суддзі «Ганьба!»
Суд над Юрыем Беленькім у справе патрыятычных мітынгаў у снежні 2019 года
25 лютага а 16.00 адбудзецца пасяджэнне Гарадзкога суда Мінска па касацыйнай скарзе выканаўцы абавязкаў у Беларусі старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага на ранейшы прысуд раённага суду за ягоны ўдзел у патрыятычных мітынгах ў снежні 2019 года. Беленькі абскарджвае прысуд: штраф у 50 базавых адзінак.
Партыя КХП-БНФ заклікае падтрымаць патрыёта. Адрас суда: Мінск, вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1.
Паводле прэс-рэліза