Улады хочуць спагнаць з Пятра Кузняцова 40 000 рублёў, а таксама ліквідаваць юрасобу «Моцных навін»

Пра гэта распавёў сам аглядальнік і заснавальнік «Моцных навін» у сваім тэлеграм-канале.

kuzniacou_gc17s.jpg

«Сябры! У апошні час ад мяне асабліва няма пастоў і многія людзі задаюць пытанні: ці ўсё ў парадку? — напісаў Пётр Кузняцоў. — Наконт "у парадку" скажу так: усё адносна. Па законе, праўдзе і справядлівасці — павінна было быць нашмат лепш. Па рэальнасці — магло быць горш. Як паглядзець.

Маўчу я не таму, што хачу ці захацеў маўчаць, а банальна таму, што ў дадзены момант не ў стане своечасова сачыць за парадкам дня, рабіць нейкія высновы і імі дзяліцца. Банальна не хапае часу і сіл, навіны даведваюся, як правіла, ужо тады, калі з усіх бакоў яны разабраны і пракаментаваныя.

Тут такая сітуацыя, калі вельмі коратка. Гарвыканкам даслаў пастанову аб ліквідацыі нашай юрыдычнай асобы, якой належаць мае інтэрнэт-праекты — установы "Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ". Арганізацыя дзейнічала з 2013 года, там было два дзясяткі толькі штатных працоўных месцаў, усе падаткі плаціліся спраўна (ні адна праверка да гэтага часу нічога не знайшла), уся дзейнасць была выключна статутнай. Мабыць, таму ў пастанове выканкама канкрэтна не пазначана аніводнай падставы. Цяпер мы вымушаныя займацца адначасова і справамі па ліквідацыі, на якую адведзена вельмі мала часу, і пачынаць працэсы абскарджвання — груба кажучы, хоць падставы прад'явіце?

Адначасова падатковыя інспекцыі выкацілі супраць ужо ліквідуемай юрыдычнай асобы дзве праверкі: працягваецца камеральная, а тут яны запатрабавалі яшчэ і агульную. Мабыць, будуць шукаць падставы «заднім лікам».

Працягваецца камеральнай праверка і мяне як ІП.

Вельмі цікавыя рэчы адбываюцца са мной як з рэзідэнтам-фізасобай: падатковая налічыла мне даплаціць 40 000 рублёў падаходнага падатку. Я больш падрабязную інфармацыю пра гэты анекдот яшчэ раскажу, паколькі налічаныя гэтыя грошы былі з зусім не існуючай базы падаткаабкладання. Калі коратка, паводле версіі інспекцыі, я павінен заплаціць гэтыя падаткі за тыя грошы, якімі сам папаўняў свае ж карткі — што ні пры якой трактоўцы не з'яўляецца атрыманнем даходу, а з'яўляецца толькі, умоўна кажучы, перакладаннем грошай з адной кішэні ў іншую. Але, так, пра гэта яшчэ крыху пазней — заўтра я якраз пайду спраўджваць усе гэтыя аперацыі, на што сыдзе, зноў жа, увесь дзень.

Гэта значыць, бачыце, мая сітуацыя цяпер такая, што ва ўмовах, калі дні праходзяць у інстанцыях і ў зусім лішніх рэчах, калі кожны дзень прыносіць усё новыя "сюрпрызы", быць актуальным проста не атрымліваецца. Таму я пакуль на паўзе. Толькі гэтым усё і тлумачыцца.

Ну і яшчэ адно пытанне, якое мне ў апошні час часта задаюць: чаму не адкрываецца сайт "Моцныя навіны". На гэтае пытанне я не магу даць вычарпальны адказ, паколькі слаба разбіраюся ў тэхнічных момантах. Калі я ўсё правільна зразумеў з тлумачэнняў тэхнічнай групы, справа ў тым, што ў наш праграмны код хтосьці здолеў пракрасціся і пакінуў там мноства памылак, якія знайсці і выправіць можна толькі ўручную. Кода гэтага шмат тысяч радкоў, таму працэс займае пэўны час. На жаль, сутыкнуўшыся з такім, канкрэтна ў дадзены момант дзеля бяспекі мы не можам прыцягваць або прымаць ніякую знешнюю дапамогу. Але мы вырашым праблему.

Я пакуль не ведаю, у якім фармаце будуць выходзіць "Моцныя навіны" пасля папраўкі ў выпадку, калі нашу юрыдычную асобу ліквідуюць. Аднак рэдакцыя ў працаздольным стане, вы па-ранейшаму можаце чытаць нас ва ўсіх асноўных сацсетках, а таксама глядзець відэа на Youtube і праект "Карацей" на Tik Tok. Спісваць нас з рахункаў не трэба, так ці інакш мы будзем рабіць усё, каб працягваць заставацца з вамі.

Проста пакуль такі момант. Але, як спяваецца ў адной песні: "Жыў адзін габрэй, дык ён сказаў, шо ўсё праходзіць". Пройдзе і гэта».