Амбасада ЗША ў Беларусі падтрымала рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, які зараз у няволі
Пасольства ЗША ў Беларусі ў сваім твітары выказалася пра затрыманне Ягора Марціновіча, паведамляе «Наша Ніва».
«Гісторыя дэмакратычнай Беларусі будзе ўключаць у сябе гераічную пазіцыю рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча: арыштаваны за журналісцкую дзейнасць, паўторна затрыманы, калі павінен быў вызваляцца, стаў ахвярай гвалту ў турме. Гісторыя таксама запомніць імёны злачынцаў, якія яго прыгняталі», — гаворыцца ў твіце.
Ягор Марціновіч быў затрыманы 8 ліпеня, пры затрыманні збіты, у СК прыязджала хуткая дапамога, паколькі была траўма галавы. Разам з ім былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч (яе 16 ліпеня вызвалілі).
Як паведамлялі ў СК, усе яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК («Падрыхтоўка ці арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, або ўдзел у іх»). За першыя 10 сутак пасля затрымання мера ўтрымання ім не абіралася, абвінавачанне не прад’яўлялася.
18 ліпеня Марціновіча, Скурко і Дынько «перазатрымалі» ў другі раз, ужо па новым артыкуле Крымінальнага кодэкса. На гэты раз — на трое сутак.
Цяпер Ягора Марціновіча і яго калег падазраюць у нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання (ч. 2 арт. 216 КК, караецца «хіміяй» ці калоніяй на тэрмін да 5 гадоў). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання, дзе працавала рэдакцыя «Нашай Нівы», была па тарыфах для фізасоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасоб. Урон нанесены «Мінэнерга», сума — 3,5 тысячы рублёў.