«Не спыняцца і не апускаць рукі!» Адвакатка наведала Ігара Ільяша

Сёння затрыманага журналіста Ігара Ільяша наведала адвакатка. Пра гэта «Белсату» распавялі яго сваякі.

ilyash_0004_1_1.jpg

Паводле сведчанняў родных, Ігар Ільяш бадзёры і спакойны. У камеры ён сядзіць з іншымі «палітычнымі», матрасаў і бялізны нікому не даюць.

Ільяш кажа, што лісты можна не дасылаць, бо ўсё роўна не дойдуць. Ён прасіў перадаць калегам: «Працаваць, працаваць і працаваць ў тры разы болей! Не спыняцца і не апускаць рукі!»

Журналіста затрымалі 16 ліпеня, як мяркуецца, паводле артыкулаў «Масавыя беспарадкі» (293 КК РБ) і «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (342 КК РБ).

Ігар Ільяш — муж журналісткі Кацярыны Андрэевай, якую асудзілі за стрым з «Плошчы Перамен» з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Ён таксама суаўтар кнігі «Беларусі Данбас», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкай».